Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 верасня 2018, 13:53

Перакрыжаванае донарства пашырыць магчымасці транспланталогіі ў Беларусі - Румо

3 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Перакрыжаванае донарства ў Беларусі пашырыць магчымасці аказання дапамогі тым, хто мае патрэбу ў перасадцы органаў і тканак. Такое меркаванне ў інтэрв'ю тэлеканалу СТБ выказаў дырэктар Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі доктар медыцынскіх навук Алег Румо, паведамляе БЕЛТА.

Паводле слоў Алега Румо, беларускія спецыялісты вывучылі вопыт Ізраіля, Швецыі, ЗША, дзе дазволена перакрыжаванае донарства. Яго сутнасць у тым, што блізкія людзі пацыентаў з розных сем'яў могуць абмяняцца органамі, што падыходзяць для трансплантацыі. "Такім чынам можна хоць ненамнога больш, няхай на дзве-тры аперацыі ў год спачатку, на пяць-шэсць, выратаваць людзей, захоўваючы бязвыплатны характар ахвяравання органаў", - лічыць дырэктар цэнтра.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі пастаянна вядзецца работа над удасканаленнем заканадаўства ў сферы транспланталогіі. "Раней, і гэта была наша прынцыповая пазіцыя, мы абмежавалі кола жывых донараў сваякамі першай рукі. Мы вельмі баяліся крыміналізацыі пытання. Але паступова грамадства прывыкла да таго, што трансплантацыя - норма жыцця, норма аказання медыцынскай дапамогі. Мы зразумелі, што не трэба баяцца прыцягваць гэты пул донараў, стрыечных братоў і сясцёр, пляменнікаў", - адзначыў Алег Румо.

Таксама ён выказаў меркаванне аб перспектывах прымянення органаў і тканак, вырашчаных у прабірцы, створаных з дапамогай 3D-друку. "Я спадзяюся да гэтага дажыць. Глыбока перакананы, што гэта будзе, і гэта справа 10-15, можа, 20 гадоў", - сказаў медык.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі