Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 лютага 2018, 10:37

Перадвыбарная агітацыя на мясцовых выбарах вызначаецца большай ажыўленасцю - Ярмошына

13 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Перадвыбарная агітацыя на мясцовых выбарах вызначаецца большай ажыўленасцю. Аб гэтым 12 лютага карэспандэнту БЕЛТА паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў час адкрытага дыялогу на тэму "Моладзь і выбары: формула адказнасці".

"Гэтыя выбары праходзяць значна больш ажыўлена ў плане вядзення перадвыбарнай агітацыі. У нас упершыню на мясцовых выбарах з'явіліся вулічныя мерапрыемствы. Гэта ўсё заслуга БРСМ і аб'яднання "Белая Русь". Акрамя таго, усе акцыі, якія паўсюдна праходзяць у гарадах, асабліва ў буйных, успрымаюцца выбаршчыкамі вельмі сур'ёзна. Усё гэта выклікае цікавасць у людзей да выбараў і, я спадзяюся, пазітыўна выявіцца на яўцы. Паколькі ў нас няма ніякіх іншых унутраных рэсурсаў акрамя гэтай грамадскай работы па прыцягненні выбаршчыкаў", - сказала Лідзія Ярмошына.

Яна адзначыла, што моладзь у Беларусі складае 25 працэнтаў насельніцтва, таму іх галасы істотным чынам уплываюць на волевыяўленне выбаршчыкаў. "Маладыя выбаршчыкі не вельмі актыўныя, яны даволі пасіўныя. Але дзякуючы ў тым ліку таму, што пераважная частка маладога насельніцтва ў нас студэнты, а навучальныя ўстановы праводзяць работу па прыцягненні выбаршчыкаў на выбары, яны ўсё ж такі ў выбарчых кампаніях больш удзельнічаюць. Я думаю, што, калі б гэтай работы не было, іх удзел быў бы слабейшы. Але іх голас чуваць, і іх голас вырашае", - падкрэсліла старшыня ЦВК.

Закранаючы пытанне гатоўнасці выбарчых участкаў да прыёму выбаршчыкаў, Лідзія Ярмошына праінфармавала, што на гэты момант там праводзяцца генеральныя рэпетыцыі. "Нашы ўчастковыя камісіі ўжо далі справаздачу вышэйстаячым раёнам. Цяпер справаздачы паступаюць у Цэнтральную камісію ўжо з абласцей і горада Мінска аб гатоўнасці ўчасткаў, аб колькасці скрынь для галасавання, аб спісе выбаршчыкаў. Таму сёння мы будзем мець усю інфармацыю. Відавочна, у першы дзень магчымы нейкія накладкі, але я не думаю, што яны паўплываюць на волевыяўленне выбаршчыкаў", - растлумачыла кіраўнік ЦВК.

Таксама Лідзія Ярмошына дадала, што чакаецца даволі высокая датэрміновая яўка выбаршчыкаў. "У нас звычайна датэрміновая яўка даволі актыўная. Гэта тлумачыцца тым, што бюджэтнікі, студэнты, многія пенсіянеры галасуюць датэрмінова. Таму думаю, што яўка будзе складаць, відавочна, нават у буйных гарадах больш за 50 працэнтаў, а ў вёсцы яна будзе ўсёахопнай", - паведаміла яна.

Адкрыты дыялог на тэму "Моладзь і выбары: формула адказнасці" прайшоў у Рэспубліканскім доме моладзі і адкрыў чаргу мерапрыемстваў усебеларускай акцыі БРСМ "За любімую Беларусь!". Напярэдадні старту датэрміновага галасавання на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі 28-га склікання ўдзельнікамі дыялогу сталі актыў БРСМ, кандыдаты ў дэпутаты Мінгарсавета, пераможца рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства "Настаўнік года - 2017" Святлана Румянцава, пераможцы рэспубліканскага конкурсу "Сям'я года - 2017" муж і жонка Аляксандр і Наталля Петрушко, а таксама вядомыя спартсмены, папулярныя тэлевядучыя і выканаўцы.

У якасці экспертаў актуальнай маладзёжнай дыскусіі выступілі старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, кіраўнік РНПЦ "Трансплантацыі органаў і тканак" Алег Румо, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандр Багдановіч.

Перад пачаткам дыялогу госці мерапрыемства прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі "Моладзь вырашае!" і напісалі наказы будучым дэпутатам мясцовых Саветаў.

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі аб'явіў аб старце ўсебеларускай акцыі "За любімую Беларусь!", галоўнымі задачамі якой з'яўляюцца фарміраванне ў моладзі патрыятызму, грамадзянскай самасвядомасці, агульначалавечых каштоўнасцей, павагі да традыцый гісторыі і культуры народа, пашырэнне сферы стасункаў моладзі ў сумеснай дзейнасці.

Мерапрыемствы акцыі праводзяцца на працягу года і прысвечаны розным знакавым падзеям у грамадска-палітычным жыцці дзяржавы (выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў і інш.), святам як краіны ў цэлым (Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Беларусі, Дзень Незалежнасці і інш.), так і асобных рэгіёнаў (дні горада, юбілей вобласці і інш.), у тым ліку папулярным у маладзёжным асяроддзі святам (Дзень моладзі, Дзень студэнта, Дзень усіх закаханых і інш.).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі