Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 мая 2018, 15:09

Перадавыя тэхналогіі рэанімацыі нованароджаных укарэняць у РНПЦ "Маці і дзіця"

15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. РНПЦ "Маці і дзіця" рэалізуе праект па будаўніцтве аддзялення рэанімацыі для нованароджаных, паведаміў дырэктар навукова-практычнага цэнтра Канстанцін Вільчук на пасяджэнні Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы пры Савеце Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы ідзём у нагу з часам, сфарміравана праграма па перааснашчэнні цэнтра. Мы знаходзімся на этапе пачатку будаўніцтва за кошт пазыкі Сусветнага банка дзіцячай рэанімацыі, дзе будуць укараняцца перадавыя тэхналогіі для аказання высокатэхналагічнай дапамогі нованароджаным", - сказаў Канстанцін Вільчук.

У мінулым годзе спецыялісты навукова-практычнага цэнтра дапамаглі нарадзіцца амаль 3,7 тыс. дзяцей. Тут створаны ўсе ўмовы для таго, каб захаваць цяжарнасць жанчынам з рознымі захворваннямі і экстрагенітальнымі паталогіямі, выратаваць жыцці дзяцей з нізкай масай цела. У прыватнасці, за апошнія гады сталі маці 34 жанчыны, якія раней перанеслі трансплантацыю ныркі, комплексу "нырка і печань", а таксама пацыенткі з цукровым дыябетам, анказахворваннямі. За восем гадоў 92 жанчыны прайшлі помпавую інсулінатэрапію.

"Мы змагаемся за кожную цяжарнасць і адстойваем жыццё кожнага нованароджанага, з улікам сусветнага вопыту асвойваем сучасныя тэхналогіі, аб'ядноўваючы навуку з практыкай", - падкрэсліў Канстанцін Вільчук.

Ён канстатаваў, што ў краіне адзначаецца тэндэнцыя росту захваральнасці будучых маці, з 100 прыкладна 71 жанчына мае тую ці іншую паталогію. У сувязі з гэтым усё большую актуальнасць набываюць пытанні ўмацавання здароўя дзяўчынак-падлеткаў, перадабортнага кансультавання, дыспансерызацыі. Неабходна звярнуць сур'ёзную ўвагу і на праблему бясплоднасці - каля 14 працэнтаў сямейных пар сутыкаюцца з такой сітуацыяй. У РНПЦ штогод праводзіцца больш за 1 тыс. цыклаў экстракарпаральнага апладнення, цяжарнасць надыходзіць у 46 працэнтах выпадкаў, што дае магчымасць зведаць радасць мацярынства многім жанчынам.

Кіраўнік РНПЦ расказаў, што ў рамках дзяржаўнай праграмы "Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека" да 2020 года распрацаваны праект нацыянальнай мадэлі службы планавання сям'і, якая прадугледжвае рознаўзроўневую сістэму аказання медыцынскай дапамогі, у тым ліку мужчынам.

Канстанцін Вільчук адзначыў, што ў гінекалогіі медыкі паспяхова выконваюць органазахоўваючыя аперацыйныя ўмяшанні, прыярытэт аддаецца лапараскапічным метадам лячэння. Эфектыўнымі ў службе аховы мацярынства і дзяцінства з'яўляюцца фетальная хірургія і тэрапія, якія выкарыстоўваюцца для ўнутрывантробнай карэкцыі анамалій развіцця плода, неанатальны скрынінг. У цэнтры асвоена новая тэхналогія для выратавання жыццяў нованароджанага і маці, у якой у час цяжарнасці ўзнікае рэдкая паталогія - урастанне плацэнты, праводзяцца аперацыі па карэкцыі ўнутрывантробнай паталогіі пры шматплоднай цяжарнасці і інш.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі