Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
15 жніўня 2017, 15:39

Педагогам патрэбны больш выразныя крытэрыі ацэнкі ведаў - заслужаны настаўнік Беларусі

15 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Педагогам патрэбны больш выразныя крытэрыі ацэнкі ведаў вучняў. Такое меркаванне выказала карэспандэнту БЕЛТА заслужаны настаўнік Беларусі дырэктар гімназіі нумар 1 г. Віцебска Валянціна Шырокава, каменціруючы вынікі рабочай сустрэчы Прэзідэнта з віцэ-прэм'ерам Васілём Жарко і міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам.

Валянціна Шырокава лічыць, што мяняць дзеючую дзесяцібальную сістэму няма неабходнасці. "Асноўная праблема, якая з ёй звязана і патрабуе вырашэння, датычыцца неабходнасці распрацоўкі больш выразных крытэрыяў ацэнкі ведаў вучняў", - падкрэсліла Валянціна Шырокава, адзначыўшы, што па адных прадметах яны ёсць, па іншых - больш размытыя.

"У асобных выпадках, каб паставіць 10 балаў, неабходна выканаць дадатковае творчае заданне. Але чаму я павінна даваць яго, калі дзіця поўнасцю валодае ведамі, якія патрабуе вучэбная праграма, і можа прымяніць іх на практыцы?" - адзначае педагог.

Гаварыць аб суб'ектывізме, на яе думку, таксама не трэба: "4 або 5, 9 або 10? Якая б сістэма ні была, розніцы няма, таму што ацэнку вызначаюць зацверджаныя крытэрыі. Калі яны выразныя - усё ў парадку. Калі не - узнікаюць пытанні. Таму самае галоўнае - мець выразную нарматыўную базу".

Закранаючы дзесяцібальную сістэму навучання, Валянціна Шырокава нагадала, што яе ўвядзенне было абумоўлена дакладнай пазіцыяй педагогаў, у яе паверылі і падтрымалі на самым высокім узроўні. Акрамя таго, 10 гадоў - не такі вялікі тэрмін, каб рэальна ацаніць, якая сістэма ацэнак лепшая.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі