Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 лютага 2018, 09:24

Павел Лёгкі: неабходна ўзмацніць работу па інфармацыйнай падтрымцы беларускага экспарту

12 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Работу па інфармацыйнай падтрымцы беларускага экспарту неабходна ўзмацніць, заявіў намеснік міністра інфармацыі Павел Лёгкі 9 лютага на пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Становіцца ўсё больш актуальнай праблема інфармацыйнага суправаджэння нашых экспарцёраў. Брэнд "Зроблена ў Беларусі", які дапамагае пашыраць тавары на замежных рынках, напрыклад, на расійскім, фарміраваўся дзесяцігоддзямі, яму давяраюць пакупнікі. Беларуская прадукцыя карыстаецца попытам, яна славіцца сваёй якасцю, тым, што зроблена па ДАСТах. Але мы не першы дзень ужо назіраем карціну, калі гэты брэнд зведвае негатыўнае ўздзеянне, што ў тым ліку звязана з нядобрасумленнай канкурэнцыяй", - адзначыў Павел Лёгкі.

Ён звярнуў увагу на піяр-суправаджэнне мерапрыемстваў, якія прадпрыемствы праводзяць за мяжой, а таксама рэкамендаваў больш актыўна працаваць з расійскімі СМІ. "Пэўныя напрацоўкі і, галоўнае, вопыт у нас ёсць. Трэба кансалідаваць намаганні не толькі асобных міністэрстваў і ведамстваў, але і экспарцёраў. Паколькі інфармацыйная падтрымка - гэта не толькі рэклама, але і піяр-кампаніі, у тым ліку ў сацыяльных сетках. Трэба праводзіць мерапрыемствы, якія ствараюць інфармацыйныя падставы, што прыцягваюць прэсу, падумаць над павышэннем пазнавальнасці свайго брэнда. Ёсць мноства розных спосабаў і метадаў прасоўвання прадукцыі, мы пакуль мала ўдзяляем гэтаму ўвагі. Неабходна пачынаць змагацца за свой тавар, паслугі на знешніх рынках", - лічыць Павел Лёгкі.

Мінінфарм плануе ў бягучым годзе зрабіць канкрэтныя захады для паляпшэння сітуацыі. Будзе праводзіцца работа з прэс-сакратарамі і кіраўнікамі структур па сувязях з грамадскасцю дзяржаўных органаў і арганізацый.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі