Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 жніўня 2019, 13:01

Пашпарты гатоўнасці ўстаноў адукацыі да навучальнага года трэба падпісаць да 23 жніўня - Петрышэнка

12 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пашпарты гатоўнасці ўстаноў адукацыі, інтэрнатаў да новага навучальнага года неабходна падпісаць да 23 жніўня. Аб гэтым заявіў сёння намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка на нарадзе ва ўрадзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Стварэнне бяспечных, камфортных і здароўезберагальных умоў ва ўсіх ўстановах адукацыі, інтэрнатах - асноўная задача. Яна павінна быць цалкам вырашана перад пачаткам адукацыйнага працэсу і засяленнем. "Усе рамонтныя работы, абнаўленне абсталявання і падпісанне пашпартоў гатоўнасці ўстаноў адукацыі, інтэрнатаў да новага навучальнага года неабходна завяршыць да 23 жніўня", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

Ён нагадаў аб даручэннях кіраўніка дзяржавы аб удасканаленні арганізацыі харчавання. Асаблівую ўвагу з іх улікам трэба ўдзяліць стану харчаблокаў і сталовых - яны павінны адпавядаць устаноўленым санітарным нормам і правілам. Органам дзяржсаннагляду трэба будзе ўважліва пракантраляваць гэтыя пытанні пры прыёмцы аб'ектаў, сказаў віцэ-прэм'ер. У час нарады абмяркоўвалася, як ідзе мадэрнізацыя харчаблокаў і сталовых, замена абсталявання, падбор персаналу, як вырашаюцца іншыя праблемныя пытанні.

"Да пачатку навучальнага года павінны быць прыведзены ў парадак спартзалы, школьныя стадыёны, спартыўныя збудаванні, - прадоўжыў Ігар Петрышэнка, удакладніўшы, што яны заўсёды павінны быць у парадку, размова ідзе аб дааснашчэнні новым абсталяваннем. Адначасова віцэ-прэм'ер звярнуў увагу на неабходнасць аснашчэння школ спартыўным інвентаром і абсталяваннем, у тым ліку лыжным. "У абласцях і Мінску іх забяспечанасць застаецца недастатковай", - канстатаваў намеснік прэм'ер-міністра. У сувязі з гэтым на нарадзе разглядаліся меры, якія прымаюць мясцовыя ўлады, Мінадукацыі, для вырашэння задачы.

Закраналася таксама пытанне вучэбнага кнігавыдання. Да 1 верасня Мінадукацыі неабходна завяршыць пачатае яшчэ ў 2015 годзе паэтапнае абнаўленне школьных падручнікаў. Да 1 жніўня ўбачыла свет толькі палавіна з запланаваных навучальных дапаможнікаў для школ, адзначыў Ігар Петрышэнка і пацікавіўся, як арганізавана работа па выданні і своечасовай дастаўцы падручнікаў у школы.

Паводле аператыўнай інфармацыі, у новым навучальным годзе будзе працаваць 2951 установа дашкольнай адукацыі і 3003 - агульнай сярэдняй. Адкрыюць свае дзверы для навучэнцаў 127 прафесійных каледжаў, ліцэяў і 111 ССНУ, а таксама 47 і 83 установы, якія рэалізуюць праграмы прафтэх- і сярэдняй спецыяльнай адукацыі адпаведна. Студэнты будуць вучыцца ў 42 дзяржаўных і 9 прыватных ВНУ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі