Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 ліпеня 2017, 15:09

Парламентарыі гатовы ініцыіраваць узмацненне адказнасці дарослых дзяцей за састарэлых бацькоў

13 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Парламентарыі гатовы выступіць з ініцыятывай аб узмацненні адказнасці дарослых дзяцей за састарэлых бацькоў. Аб гэтым паведаміла член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Таццяна Старынская сёння на прэс-канферэнцыі "Навацыі ў сістэме сацыяльнага абслугоўвання Беларусі" ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

"Тыя, хто прыйшоў у парламент з сацыяльнай службы, гатовы ўнесці ініцыятыву аб тым, як павысіць адказнасць працаздольных дзяцей за састарэлых бацькоў, - сказала Таццяна Старынская. - Па законе яны павінны даглядаць сваіх бацькоў. Але бывае, што дзеці проста прывозяць пажылога чалавека ў цэнтр сацабслугоўвання і гавораць, маўляў, рабіце, што хочаце, вы - сацыяльная служба і вы павінны. І гэта прытым, што кошт сацыяльных паслуг вельмі нізкі".

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак праінфармаваў, што кошт гадзіннага тарыфу на паслугі, якія ўваходзяць у пералік бясплатных і агульнадаступных, складае да 50 капеек. Умовы аказання сацпаслуг дома залежаць ад сямейнага і матэрыяльнага становішча атрымальніка. Бясплатна паслугі прадастаўляюцца толькі адзінокім малазабяспечаным людзям. Непрацаздольным, якія маюць членаў сям'і, абавязаных па законе іх утрымліваць, паслугі аказваюць на ўмовах аплаты. У залежнасці ад рэгіёна кошт сацыяльнага абслугоўвання пры пяціразовым наведванні каштуе да Br29 (у залежнасці ад рэгіёна).

Аляксандр Румак дадаў, што ўзмацненне ўдзелу працаздольных дзяцей у забеспячэнні дастойнага жыцця састарэлых бацькоў будзе ажыццяўляцца праз трохбаковы дагавор. "Мы будзем уключаць дарослых дзяцей у фінансаванне аказання сацыяльных паслуг для іх бацькоў. Гэта прававы цывілізаваны шлях", - сказаў намеснік міністра.

Новай рэдакцыяй закона "Аб сацыяльным абслугоўванні" (уступіць у сілу 25 снежня бягучага года) прадугледжваецца магчымасць аказання сацыяльных паслуг на падставе трохбаковага дагавора. Гэта дасць магчымасць членам сям'і грамадзян, якія маюць патрэбу ў сацыяльным абслугоўванні, а таксама іншым фізічным і юрыдычным асобам выступаць трэцім бокам у такім дагаворы і, напрыклад, аплачваць сацыяльныя паслугі. Асабліва актуальным заключэнне трохбаковых дагавораў з'яўляецца пры арганізацыі сацыяльнага абслугоўвання ў стацыянарных установах на аплатнай аснове.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі