Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 верасня 2017, 12:11

Памятны знак у гадавіну масавых уцёкаў з гета адкрылі ў Навагрудку

27 верасня, Навагрудак /Кар. БЕЛТА/. У памяць аб вязнях, сярод якіх былі члены сям'і Кушнераў, на месцы навагрудскага гета адкрыты мемарыяльны знак, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У Навагрудку прадаўжаецца стварэнне мемарыяльнага комплексу на месцы былога гета. Тут дзейнічае музей яўрэйскага супраціўлення. 26 верасня 1943 года сотні вязняў праз падземны тунэль, які скрытна капалі некалькі месяцаў, змаглі вырвацца з гета. Сярод выратаваных быў і прадзед Джарэда Кушнера, зяця цяперашняга прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Уцёкі, дарэчы, сталі самымі масавымі ў Еўропе.

У памяць аб падзеі тут 26 верасня адкрылі новы памятны знак. Прысвечаны ён Міхле Сасноўскай, 12-гадовай яўрэйскай дзяўчынцы: яна яшчэ да ўцёкаў змагла выбрацца за тэрыторыю гета, але ўжо на вуліцы горада была схоплена паліцыяй, дзіця расстралялі. Грошы на помнік выдзеліў мясцовы прадпрымальнік Сяргей Коваль, якога лёс дзяўчынкі не пакінуў абыякавым.

Рабілі яго па даваеннай фатаграфіі дзяўчынкі, якую ў Навагрудак прывезла прафесар Кембрыджскага ўніверсітэта Джанет Джосэ. Яе бабуля была родам з гэтых мясцін, бацькі жылі ў Баранавічах. Адтуль у 1930-я пераехалі ў Лондан. "Мы страцілі сувязь са сваякамі з Беларусі. Многія з іх загінулі. Лёс дзяўчынкі, помнік, прысвечаны ёй, можа стаць сувязнай ніткай для пакаленняў, памяццю аб тых страшэнных падзеях", - адзначыла ў час адкрыцця помніка Джанет Джосэ. Удзел у цырымоніі таксама прынялі сваякі вязняў гета з розных краін, дыпламаты і самі былыя вязні розных гета і канцлагераў.

"Навагрудская зямля помніць шмат падзей: страшным крылом пранеслася па ёй Вялікая Айчынная вайна. У гады ваеннага ліхалецця загінулі 45 тыс. жыхароў раёна - гэта людзі, якія марылі жыць, тварыць. Мы абавязаны захаваць іх памяць", - адзначыў старшыня Навагрудскага райвыканкама Анатоль Маркевіч. У планах мясцовай улады далейшае развіццё музея, тэрыторыі былога гета і інш.

У гэтым напрамку тут цесна працуюць з сям'ёй Кушнераў. Партнёры з-за мяжы таксама прымаюць удзел у развіцці музея. Звыш $36 тыс. сям'я Кушнераў выдзеліць на будаўніцтва мемарыяльнага знака - сцяны памяці. Даўжыня сцяны складзе амаль 15 м, вышыня - да 3 м. Адкрыць яе плануецца да 75-годдзя ўцёку - 26 верасня 2018 года. Першы транш у памеры $9 тыс. паступіў ужо ў Беларусь.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі