Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 жніўня 2016, 19:17

Памер безнаяўных жыллёвых субсідый для кожнага атрымальніка будуць вызначаць індывідуальна

29 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі памер безнаяўных жыллёвых субсідый для кожнага атрымальніка будзе вызначацца індывідуальна па рашэнні мясцовых выканкамаў. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі, каменціруючы ўказ ад 29 жніўня нумар 322.

Безнаяўныя субсідыі будуць прадастаўляць на аснове выяўляльнага і заяўнага прынцыпаў. "Па выяўляльным прынцыпе дапамогу дзяржавы змогуць атрымаць непрацуючыя пенсіянеры або непрацуючыя паўналетнія інваліды, калі сумесна з імі не пражываюць працаздольныя члены сям'і", - растлумачылі ў міністэрстве. Гэтым катэгорыям грамадзян даведкі прадастаўляць не трэба, паколькі неабходная інфармацыя змешчана ў адпаведнай базе даных.

Іншыя сацыяльна слабаабароненыя слаі насельніцтва змогуць разлічваць на атрыманне безнаяўных жыллёвых субсідый на аснове заяўнага прынцыпу. "Кожная такая заява будзе разгледжана ў асобным парадку", - падкрэслілі ў міністэрстве.

Дзяржава пакрые частку расходаў на жыллёва-камунальныя паслугі ў тым выпадку, калі яны ў межах устаноўленых норм спажывання паслуг будуць перавышаць 20 працэнтаў сярэднямесячнага сукупнага даходу сям'і, якая пражывае ў горадзе, і 15 працэнтаў - у сельскім населеным пункце. "Сума дзяржпадтрымкі ў кожным выпадку будзе разлічвацца індывідуальна з улікам плошчы жылога памяшкання, колькасці грамадзян, якія пражываюць на ёй, аб'ёму спажываных жыллёва-камунальных паслуг", - растлумачылі ў Мінжылкамгасе.

Пры гэтым па выяўляльным прынцыпе будуць прымацца ў разлік даходы сям'і за тры месяцы, а па заяўным - за шэсць месяцаў, што папярэднічаюць месяцу звароту.

З 1 кастрычніка сістэма налічэння безнаяўных жыллёвых субсідый пачне дзейнічаць ва ўсіх рэгіёнах краіны. У тэставым рэжыме інфармацыю па выяўляльным прынцыпе ўжо апрацоўваюць. "Па заяўным - сістэма будзе запушчана з 1 кастрычніка", - дадалі ў міністэрстве.

Безнаяўныя жыллёвыя субсідыі будуць распаўсюджвацца на гарачае і халоднае водазабеспячэнне, водаадвядзенне (каналізацыю), газа-, электразабеспячэнне, тэхнічнае абслугоўванне ліфта, абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі, санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў жылога дома, капітальны рамонт, а таксама расходы на электраэнергію для асвятлення пад'ездаў і работу ліфтаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі