Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 сакавіка 2017, 19:59

Паказчыкі дзяржпраграмы аб сацабароне і садзейнічанні занятасці трэба скарэкціраваць - Касцевіч

29 сакавіка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Аб'ём фінансавання і мэтавыя паказчыкі на 2017 год Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці на 2016-2020 гады павінны быць скарэкціраваны з улікам вынікаў рэалізацыі мерапрыемстваў дзяржпраграмы ў мінулым годзе і бягучай сітуацыі. Такую задачу паставіла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч сёння на пасяджэнні калегіі ведамства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міністр адзначыла, што, паводле папярэдніх ацэнак, эфектыўнасць рэалізацыі мерапрыемстваў усіх пяці падпраграм даволі высокая, а канчатковую ацэнку дасць ужо сфарміраваная міжведамасная група. "Як паказаў аналіз выканання мерапрыемстваў дзяржпраграмы за 2016 год, многія мэтавыя паказчыкі значна перавыкананы як у цэлым па рэспубліцы, так і ў рэгіёнах, - канстатавала Ірына Касцевіч. - Гэта сведчыць, з аднаго боку, аб тым, што яны былі сфарміраваны з пэўнай доляй асцярожнасці, з іншага боку - аб змяненні сітуацыі на месцах, якую трэба ўлічваць пры карэкціроўцы мэтавых паказчыкаў на бягучы і наступныя гады. Аналагічная сітуацыя і з аб'ёмам фінансавання. Праект пастановы Савета Міністраў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у дзяржпраграму трэба падрыхтаваць у бліжэйшы час і адправіць на ўзгадненне зацікаўленым".

Начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Такун праінфармаваў, што на рэалізацыю мерапрыемстваў па забеспячэнні занятасці насельніцтва ў 2016 годзе зрасходавана звыш Br28,7 млн пры плане Br32,4 млн. "Ніколі самамэтай не было стапрацэнтнае асваенне грашовых сродкаў, выдзеленых на рэалізацыю мерапрыемстваў па садзейнічанні занятасці насельніцтва. У нас заўсёды быў і павінен заставацца пэўны рэзерв для рэагавання на магчымы рост колькасці беспрацоўных і забеспячэнне прадугледжаных заканадаўствам сацыяльных выплат, - растлумачыў прадстаўнік міністэрства. - Акрамя таго, у 2016 годзе звыш запланаванага ажыццяўляліся вяртанні раней выдадзеных бюджэтных пазык, якія рэгіёнамі накіроўваліся на фінансаванне мерапрыемстваў па забеспячэнні занятасці насельніцтва без прыцягнення сродкаў фонду сацабароны".

Ён падкрэсліў, што ўсе мэтавыя паказчыкі падпраграмы "Садзейнічанне занятасці насельніцтва" ў 2016 годзе выкананы. Так, удзельная вага грамадзян, накіраваных на навучанне, склала 5,2 працэнта (пры прагнозе - не менш як 4,4 працэнта); узровень працаўладкавання беспрацоўных - 51,6 працэнта (пры прагнозе - не менш як 46,2 працэнта); удзельная вага працаўладкаваных беспрацоўных, якія маюць дадатковыя гарантыі занятасці, - 40,7 працэнта (пры прагнозе - не менш як 35 працэнтаў). Практычна ўсе рэгіёны перавыканалі ўстаноўленыя заданні. "Цяпер працуем над вызначэннем планаў для рэгіёнаў на 2017 год. Будуць устаноўлены новыя мэтавыя паказчыкі для абласцей і Мінска да 2020 года - яны павінны адлюстроўваць рэальную работу кожнага рэгіёна і быць больш напружанымі", - сказаў Алег Такун.

Начальнік упраўлення аховы і дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы Іван Карчэўскі адзначыў, што рэалізацыя комплексу мерапрыемстваў па выкананні падпраграмы "Ахова працы" дала магчымасць у асноўным дасягнуць запланаваных мэтавых паказчыкаў (асвоена амаль Br529,5 млн). Паводле яго слоў, у Беларусі захавалася тэндэнцыя зніжэння колькасці пацярпелых на вытворчасці. Так, у 2016 годзе траўміраваны 1744 работнікі, з іх 396 жанчын і 5 работнікаў ва ўзросце маладзейшым за 18 гадоў (у 2015 годзе - адпаведна 2115, 408 і 10). Узровень вытворчага траўматызму зніжаны на 16 працэнтаў (план - зніжэнне не менш як на 1 працэнт да ўзроўню папярэдняга года) і склаў 43,15 (планавы паказчык - 50,9). Паводле аператыўных даных, у выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці ў арганізацыях рэспублікі ў 2016 годзе загінулі 119 работнікаў, з іх 9 жанчын (у 2015 годзе - адпаведна 123 і 3). Як і ў 2015 годзе, у мінулым годзе не дапушчана выпадкаў гібелі работнікаў маладзейшых за 18 гадоў. Зніжэнне ўзроўню вытворчага траўматызму са смяротным канцом забяспечана на 1,67 працэнта, гэты паказчык склаў 2,94 пры запланаваным 2,96.

Забяспечана зніжэнне ўдзельнай вагі рабочых месц са шкоднымі і (або) небяспечнымі ўмовамі працы на 2,15 працэнта. Удзельная вага такіх рабочых месц склала 28,62 працэнта пры запланаваным паказчыку 28,9 працэнта. У арганізацыях рэспублікі за 2016 год прыведзены ў адпаведнасць з патрабаваннямі гігіенічных нарматываў умовы працы 25 254 работнікам, палепшаны ўмовы працы 22 170 работнікам. Разам з тым, адзначыў Іван Карчэўскі, у шэрагу галін і рэгіёнаў сітуацыя істотна не змяняецца. Найбольш неспрыяльная сітуацыя склалася ў арганізацыях, падпарадкаваных канцэрнам "Белнафтахім" і "Беллеспаперапрам", дзе больш за палавіну работнікаў заняты ў неспрыяльных умовах працы.

Ірына Касцевіч зрабіла акцэнт на тым, каб ствараемыя рабочыя месцы былі выключна спрыяльнымі па ўмовах працы. "У мінулым годзе арганізавана больш як 71 тыс. новых рабочых месц, у бягучым годзе з'явіцца яшчэ як мінімум 70 тыс. Вельмі важна, каб ствараемыя рабочыя месцы не былі са шкоднымі або небяспечнымі ўмовамі працы", - сказала міністр. Яна звярнула ўвагу на высокую ўдзельную вагу рабочых месц з неспрыяльнымі ўмовамі працы ў канцэрне "Беллеспаперапрам". "Праведзена маштабная мадэрнізацыя дрэваапрацоўчых вытворчасцей, а колькасць шкодных і небяспечных рабочых месц усё яшчэ высокая, трэба больш актыўна праводзіць мерапрыемствы па паляпшэнні ўмоў працы ў галіне", - адзначыла міністр.

Начальнік упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Мінпрацы і сацабароны Анатоль Ражанец расказаў аб выкананні трох падпраграм - "Папярэджанне інваліднасці і рэабілітацыя інвалідаў", "Безбар'ернае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб" і "Сацыяльная інтэграцыя інвалідаў і пажылых грамадзян".

У 2016 годзе ў Беларусі было ўпершыню прызнана інвалідамі 58 271 чалавек, з іх 54 450 чалавек - ва ўзросце 18 гадоў і старэйшым, 19 947 чалавек - у працаздольным узросце, 3821 чалавек - да 18 гадоў. Узровень першаснай інваліднасці насельніцтва рэспублікі ў цэлым за 2016 год у параўнанні з 2015 годам знізіўся на 3,5 працэнта.

У мінулым годзе арганізацыі аховы здароўя аснашчаны рэабілітацыйным абсталяваннем, распрацаваны новыя тэхналогіі папярэджання інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў, якія ўкаранёны ў практычную ахову здароўя.

Зводны мэтавы паказчык па стварэнні даступных для інвалідаў і фізічна аслабленых асоб прыярытэтных аб'ектаў у прыярытэтных сферах жыццядзейнасці выкананы. Работы па стварэнні безбар'ернага асяроддзя праведзены на 1079 аб'ектах пры плане 727 аб'ектаў.

Тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі забяспечаны больш як 67 тыс. інвалідаў (пры плане 54 759 чалавек).

Узровень забяспечанасці інвалідаў і пажылых людзей сацыяльнымі паслугамі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва перасягнуў запланаваны на 8,8 працэнта. Сацпаслугамі тэрытарыяльных цэнтраў было ахоплена 667 чалавек з кожных 10 тыс. непрацаздольных грамадзян (пры запланаваных 613).

Стабільнае функцыянаванне стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання дало магчымасць выканаць мэтавы паказчык па аказанні сацпаслуг у дамах-інтэрнатах. У 2016 годзе з заявамі на пасяленне ў дамы-інтэрнаты звярнуліся 2788 чалавек, выпісаны пуцёўкі за 2016 год 2536 заяўнікам (90,9 працэнта пры плане 80 працэнтаў).

У 2016 годзе прадаўжалася развіццё сістэмы дзяржаўнага сацыяльнага заказу (заключаны 53 дагаворы). Сацыяльнымі паслугамі ў рамках ДСЗ было ахоплена больш як 1 тыс. непрацаздольных пры запланаваных 600. Пры карэкціроўцы дзяржпраграмы плануецца змяніць гэты паказчык.

Ветэранам, пажылым людзям, інвалідам і іншым катэгорыям грамадзян аказвалася дадатковая сацыяльная падтрымка - яе атрымалі ў мінулым годзе 14 432 пры плане 6372. Настолькі значнае перавыкананне абумоўлена тым, што запланаваная лічба была заснавана на аб'ёмах сродкаў мясцовых бюджэтаў, а дапамога маючым патрэбу аказвалася не толькі за кошт праграмных сродкаў, але і іншых крыніц фінансавання (уласныя сродкі арганізацый; сродкі прадпрыемстваў, устаноў, на якіх раней працавалі пенсіянеры; а таксама спонсарскія сродкі).

Удзел у рабоце калегіі прынялі прадстаўнікі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Міністэрства аховы здароўя, Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, камітэтаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, кіраўнікі ўсіх структурных падраздзяленняў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, а таксама арганізацый сістэмы міністэрства.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі