Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
04 ліпеня 2017, 15:04

Падатку на багацце ў Беларусі не будзе, але падаткаабкладанне нерухомай маёмасці можа змяніцца

4 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падатку на багацце ў Беларусі не будзе, але падаткаабкладанне нерухомай маёмасці можа змяніцца. Аб гэтым расказаў міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка ў час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.

"У сусветнай практыцы падаткам на багацце абкладаюцца, як правіла, аб'екты нерухомай маёмасці. У нашай рэспубліцы адносна такіх аб'ектаў выплачваюцца падатак на нерухомую маёмасць і зямельны падатак. Таму пытанне аб увядзенні падатку на багацце міністэрствам не разглядалася", - адзначыў Сяргей Налівайка.

Іншае пытанне - гэта вызначэнне справядлівага кошту, з якога ажыццяўляецца вылічэнне падаткаў на маёмасць. Як паказвае міжнародны вопыт, падаткаабкладанне нерухомай маёмасці на аснове кадастравага кошту (рыначнага кошту, атрыманага ў выніку масавай ацэнкі) з'яўляецца больш прагрэсіўным і эфектыўным, звярнуў увагу міністр.

"Таму далейшае рэфармаванне сістэмы падаткаабкладання Беларусі павінна прадугледжваць змяненне падыходаў да падаткаабкладання нерухомай маёмасці ў залежнасці ад каштоўнасці аб'екта нерухомай маёмасці. Гэта магчыма толькі пасля правядзення ў рэспубліцы масавай кадастравай ацэнкі аб'ектаў нерухомай маёмасці", - удакладніў Сяргей Налівайка.

Паводле яго слоў, такое пытанне прапрацоўваецца, аднак на гэта спатрэбіцца час, паколькі правядзенне ацэнкі ўсіх аб'ектаў нерухомай маёмасці, якія належаць грамадзянам, - гэта складаны і доўгі працэс. "У мінулым годзе быў завершаны пілотны праект па кадастравай ацэнцы аб'ектаў нерухомай маёмасці ў Кобрынскім раёне, а таксама ў Савецкім раёне Мінска. У Саўмін быў прадстаўлены даклад па выніках праекта, было прынята рашэнне, што ў перспектыве мы пяройдзем на такую ацэнку, але цяпер цяжка гаварыць аб канкрэтным часавым гарызонце, таму што гэта затратныя мерапрыемствы. У бліжэйшыя год-два такі пераход дакладна не будзе ажыццёўлены", - удакладніў міністр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі