Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 сакавіка 2017, 16:19

Новы Кодэкс аб адукацыі дасць магчымасць больш паўнамоцтваў дэлегаваць на месцы - Карпенка

17 сакавіка, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Новы Кодэкс аб адукацыі дасць магчымасць больш паўнамоцтваў дэлегаваць на месцы, заявіў сёння журналістам міністр адукацыі Ігар Карпенка, які прыняў удзел у рэспубліканскім семінары-нарадзе аб удасканаленні ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў сістэме адукацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў міністр, разгорнута шырокае абмеркаванне новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі. "У бліжэйшы час кодэкс ва ўстаноўленым парадку будзе ўнесены ў Савет Міністраў", - паведаміў Ігар Карпенка.

Адна з прапаноў - дэлегаваць больш паўнамоцтваў на месцы. У якасці прыкладу прыводзіцца сітуацыя з атрыманнем настаўнікам датэрмінова больш высокай катэгорыі. Цяпер для гэтага неабходны дазвол міністра адукацыі. "Але я ўпэўнены, што на месцах лепш ведаюць настаўніка, як ён працуе, што робіць. Таму ім трэба дэлегаваць гэтыя паўнамоцтвы", - падкрэсліў Ігар Карпенка. А Міністэрства адукацыі павінна вырашаць больш глабальныя, канцэптуальныя пытанні.

"Нейкіх узрушэнняў або рэвалюцыйных новаўвядзенняў у сістэме адукацыі не будзе. Сістэма ўстаялася, і апошнія даследаванні паказваюць, што яна не выклікае нейкай заклапочанасці ў грамадскасці. Большасць жыхароў краіны задавальняюць і якасць сістэмы адукацыі, і падыходы да работы", - адзначыў міністр. Ён лічыць, што, нягледзячы на гэта, адукацыі неабходна развівацца і рэагаваць на змяненні навакольнага свету.

"З'яўляюцца новыя веды, значыць, мы павінны працаваць над удасканаленнем праграм і вучэбных планаў, стварэннем сучасных падручнікаў. Змяняецца жыццё вакол нас, і гэта таксама накладае адбітак на сістэму адукацыі", - заўважыў Ігар Карпенка. Адукацыя павінна быць больш гібкай і рухомай з пункту гледжання падрыхтоўкі кадраў для зменлівай эканамічнай структуры. Больш увагі трэба звярнуць на заказчыкаў кадраў, а сістэму падрыхтоўкі зрабіць больш практыкаарыентаванай.

Сёння ў Гродне праходзіць рэспубліканскі семінар-нарада "Шляхі ўдасканалення ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь". Галоўная мэта мерапрыемства - выпрацоўка інавацыйных форм узаемадзеяння органаў выканаўчай улады, устаноў адукацыі ўсіх узроўняў, масмедыя, грамадскіх аб'яднанняў у арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай работы з дзецьмі і моладдзю, а таксама вызначэнне далейшых шляхоў іх супрацоўніцтва.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі