Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 чэрвеня 2017, 12:07

Новая рэдакцыя закона "Аб сацыяльным абслугоўванні" ўступіць у сілу з 25 снежня

28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новая рэдакцыя закона "Аб сацыяльным абслугоўванні" ўступіць у сілу з 25 снежня бягучага года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Закон "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб сацыяльным абслугоўванні" прыняты Палатай прадстаўнікоў 17 мая, адобраны Саветам Рэспублікі 31 мая, афіцыйна апублікаваны 24 чэрвеня і ўступіць у сілу праз 6 месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання - 25 снежня.

Новай рэдакцыяй закона прадугледжана пашырэнне форм сацабслугоўвання, спрашчэнне працэдуры дзяржаўнага сацыяльнага заказу (ДСЗ), увядзенне стандартаў якасці сацыяльных паслуг.

Так, у Беларусі рэгламентавана новая форма сацыяльнага абслугоўвання - замяшчальная сям'я. Гэта навацыя дасць магчымасць арганізаваць сацабслугоўванне пажылых людзей ва ўмовах іх сумеснага пражывання з тымі, хто гатовы ўзяць на сябе клопат аб прадстаўніках старэйшага пакалення. Паслугі непрацаздольнаму чалавеку будзе аказваць няродная яму сям'я або нейкая фізічная асоба - яны будуць разам жыць і весці агульную гаспадарку. Пры гэтым адносіны паміж тым, хто ўзяў на сябе абавязацельства па доглядзе, і непрацаздольным пажылым чалавекам або інвалідам не будуць закранаць маёмасныя пытанні. У аснову новаўвядзення пакладзены расійскі вопыт. Палажэнне аб замяшчальных сем'ях ужо распрацоўваецца.

З 2014 года ў Беларусі ўкараняецца дзяржаўны сацыяльны заказ (ДСЗ) - інавацыйная форма ўзаемадзеяння мясцовых органаў улады і прадстаўнікоў недзяржаўнага сектара. Яна дае магчымасць прыцягнуць у сістэму сацабслугоўвання дадатковыя матэрыяльныя і чалавечыя рэсурсы і сфарміраваць рынак сацыяльных паслуг. Новым законам механізм ДСЗ удасканалены. Гэта дасць магчымасць пашырыць кола ўдзельнікаў рынку сацпаслуг і ахоп маючых патрэбу грамадзян сацыяльнымі паслугамі. Змяняецца працэдура правядзення конкурсу, рэгламентавана працягласць выканання дагавораў.

Як растлумачылі ў міністэрстве, цяпер пры адпаведнасці конкурснай прапановы адзінага ўдзельніка ўмовам конкурсу мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы змогуць заключаць з ім дагавор на выкананне ДСЗ. Пры гэтым дагавор будзе заключацца на перыяд да 5 гадоў у межах тэрміну рэалізацыі дзяржаўнай праграмы, у адпаведнасці з якой ажыццяўляецца фінансаванне дзяржсацзаказу. Гэта дасць магчымасць устанавіць больш стабільныя адносіны паміж заказчыкам і выканаўцам дзяржаўнага сацыяльнага заказу.

У новай рэдакцыі закона ўдакладняюцца азначэнні некаторых відаў сацыяльных паслуг, што аказваюцца дзяржаўнымі ўстановамі сацыяльнага абслугоўвання. Так, сацыяльна-медыцынскія паслугі выключаюцца ў сувязі з тым, што медыка-сацыяльная дапамога падпадае пад прававое рэгуляванне закона "Аб ахове здароўя". Пры гэтым пашырана азначэнне сацыяльна-рэабілітацыйных паслуг - яно дапоўнена комплексам мерапрыемстваў па паляпшэнні якасці жыцця грамадзян, у тым ліку захаванні і ўмацаванні здароўя.

Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы надзяляюцца паўнамоцтвамі па пашырэнні пераліку аказваемых сацыяльных паслуг і катэгорый грамадзян, якія маюць права на іх атрыманне. Таксама прадугледжваецца магчымасць аказання сацыяльных паслуг на падставе трохбаковага дагавора. Гэта дасць магчымасць членам сям'і грамадзян, якія маюць патрэбу ў сацыяльным абслугоўванні, а таксама іншым фізічным і юрыдычным асобам выступаць трэцім бокам у такім дагаворы і, напрыклад, аплачваць сацыяльныя паслугі. Асабліва актуальным заключэнне трохбаковых дагавораў з'яўляецца пры арганізацыі сацыяльнага абслугоўвання ў стацыянарных установах на аплатнай аснове.

Трохбаковы дагавор будзе заключацца і пры арганізацыі сацыяльнага абслугоўвання ў замяшчальнай сям'і. Бакамі такога дагавора будуць выступаць непрацаздольны чалавек, фізічная асоба, якая ўзяла на сябе абавязкі па доглядзе, і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які будзе суправаджаць такую сям'ю.

На Мінпрацы і сацабароны ўскладаюцца абавязкі па распрацоўцы патрабаванняў да зместу і якасці сацыяльных паслуг, што аказваюцца ў рамках дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў. Работнікі сістэмы сацабслугоўвання і грамадзяне павінны мець поўнае ўяўленне аб стандартах аказання канкрэтнай сацпаслугі, каб яна прынесла максімальную карысць. Таму неабходна дакладная рэгламентацыя зместу кожнай сацпаслугі, што ўваходзіць у пералік бясплатных і агульнадаступных паслуг, вызначэння крытэрыяў, па якіх можна ацэньваць іх якасць.

Да ўступлення закона ў сілу Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны будуць распрацаваны палажэнне аб сацыяльным абслугоўванні ў замяшчальнай сям'і; патрабаванні да зместу і якасці сацыяльных паслуг, што аказваюцца ў рамках дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў у галіне сацыяльнага абслугоўвання. Акрамя таго, будуць унесены змяненні і дапаўненні ў пералік бясплатных і агульнадаступных сацыяльных паслуг, што аказваюцца дзяржаўнымі ўстановамі сацыяльнага абслугоўвання, інструкцыю аб парадку і ўмовах аказання сацыяльных паслуг, палажэнні аб установах сацыяльнага абслугоўвання, палажэнні аб парадку правядзення конкурсу па выбары выканаўцы дзяржаўнага сацыяльнага заказу і аб прадастаўленні субсідый недзяржаўным некамерцыйным арганізацыям, а таксама ў іншыя дакументы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі