Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
19 ліпеня 2018, 15:06

Новая рэдакцыя закона аб донарстве крыві і яе кампанентаў вынесена на грамадскае абмеркаванне

19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праект закона "Аб змяненні законаў па пытаннях донарства крыві і яе кампанентаў" вынесены на грамадскае абмеркаванне, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій Фёдар Карпенка.

Тэкст законапраекта размешчаны на сайце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій. Прыняць удзел у яго абмеркаванні можна, накіраваўшы свае прапановы на электронны адрас n_reut@house.gov.by.

Акрамя таго, у кожным рэгіёне да 31 ліпеня пройдуць сустрэчы з донарамі, прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый. "Мы раскажам аб палажэннях новай рэдакцыі закона аб донарстве крыві і яе кампанентаў. У сустрэчах, якія пройдуць на базе абласных станцый пералівання крыві, цэнтральных паліклінік, таксама прымуць удзел дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, спецыялісты РНПЦ трансфузіялогіі і іншыя медыцынскія работнікі, не звязаныя са службай крыві", - адзначыў Фёдар Карпенка.

Законапраект прадугледжвае пераход да 100-працэнтнага добраахвотнага бязвыплатнага донарства крыві. Што датычыцца кампанентаў крыві, данацыі могуць быць як платнымі, так і бязвыплатнымі. Пры гэтым плануецца значна пашырыць сацыяльныя гарантыі для бязвыплатных донараў. "Ім прапануецца прадастаўляць дадатковую кампенсацыю для аднаўлення энергетычных затрат у перыяд паміж данацыямі. Будзе захоўвацца 100 працэнтаў сярэдняга заработку з першага дня непрацаздольнасці", - адзначыў Фёдар Карпенка. Як і раней, у дзень выканання донарскай функцыі ў рабочы час бязвыплатных і платных донараў вызваляць ад работы з захаваннем за імі сярэдняга заработку за гэты дзень. Яны будуць забяспечаны харчаваннем у дзень данацыі за кошт арганізацыі, якая ажыццяўляе забор крыві.

Плануецца значна пашырыць сацыяльны пакет для ганаровых донараў. Да існуючых гарантый (водпуск у любы зручны час, пазачарговае абслугоўванне ў арганізацыях аховы здароўя, надбаўка да пенсіі ў памеры 40 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце) плануецца ўвесці дадатковую штогадовую выплату ў памеры 3 БВ (БВ складае Br24,5), а таксама прадастаўляць 25-працэнтную скідку на платныя медпаслугі ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя. Пры гэтым званне ганаровага донара будзе прысуджацца толькі за бязвыплатныя данацыі.

Мэтанакіраваная работа па адраджэнні добраахвотнага бязвыплатнага донарства пачалася ў Беларусі ў 2013 годзе. За гэты час колькасць бязвыплатных данацый крыві ў рэспубліцы павялічылася больш як у 16 разоў. Па выніках 2017 года кожная чацвёртая данацыя крыві была бязвыплатнай.

Мельбурнская дэкларацыя СААЗ, прынятая 14 чэрвеня 2009 года ў Сусветны дзень донара крыві, заклікала ўсе краіны да дасягнення 100 працэнтаў добраахвотнага бязвыплатнага донарства крыві да 2020 года. Кроў, узятая ад бязвыплатных донараў, самая бяспечная ў плане інфіцыравання рэцыпіентаў. Цяпер донарства на бязвыплатнай аснове арганізавалі 70 краін.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі