Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 кастрычніка 2016, 16:09

Няўстойлівае надвор'е з дажджамі чакаецца ў Беларусі на гэтым тыдні

24 кастрычніка, Мінск /Аляксандра Шведава - БЕЛТА/. Дажджы і парывісты вецер чакаюцца ў Беларусі на гэтым тыдні, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.

"Надвор'е будзе вельмі няўстойлівым. Найбольш складаныя ўмовы надвор'я чакаюцца ў першай палавіне тыдня. Гэта звязана з актыўным цыклонам, які будзе праходзіць уздоўж нашых паўночна-заходніх межаў", - расказаў сіноптык.

У аўторак, 25 кастрычніка, чакаецца ўзмацненне паўднёва-ўсходняга ветру да 15-18 м/с. Раніцай і днём па паўночна-заходняй частцы Беларусі прагназуюцца дажджы, у асобных раёнах - мокры снег. Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 1 да 4 градусаў цяпла, днём - плюс 1-7 градусаў. У паўднёва-заходніх раёнах Беларусі ноччу чакаецца 5-8 градусаў вышэй за нуль, днём будзе 8-13 градусаў цяпла.

У сераду на большай частцы тэрыторыі Беларусі чакаюцца дажджы. Ва ўсходняй частцы прагназуюцца моцныя ападкі з мокрым снегам. Будзе слабы галалёд. Парывы ветру ўзмоцняцца да 15-20 м/с. Сутачная тэмпература чакаецца ад 1 градуса ніжэй за нуль да плюс 6. Днём па паўднёва-заходняй частцы Беларусі прагназуецца ад 7 да 9 градусаў са знакам плюс.

"У чацвер з ростам атмасфернага ціску надвор'е ненадоўга сцішыцца", - адзначыў Дзмітрый Рабаў. Днём у асобных раёнах Беларусі, ноччу па паўднёвым усходзе чакаюцца кароткачасовыя дажджы і мокры снег. Ноччу і раніцай у асобных раёнах прагназуецца туман. Будзе слабы галалёд. Тэмпература ноччу складзе ад мінус 4 да плюс 2, днём будзе 0-7 градусаў цяпла.

"З пятніцы і да канца тыдня кіраваць надвор'ем будзе цыклон з цэнтрам над Скандынавіяй. Праз Беларусь будуць праходзіць звязаныя з ім атмасферныя франты", - падкрэсліў сіноптык.

У пятніцу ноччу па паўночным захадзе, днём на большай частцы тэрыторыі прагназуюцца мокры снег і дождж. Ноччу і раніцай у асобных раёнах будзе слабы галалёд. Тэмпература ноччу чакаецца мінус 5 - плюс 2 градусы, днём - ад 1 да 6 градусаў цяпла, па заходняй частцы Беларусі прагназуецца да плюс 8.

У выхадныя на большай частцы тэрыторыі чакаюцца дажджы. Па паўночным усходзе Беларусі пройдзе мокры снег. Ноччу і раніцай у асобных раёнах прагназуецца слабы галалёд. Тэмпература ноччу складзе ад мінус 2 да плюс 5 градусаў, днём - ад 2 да 9 градусаў цяпла.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі