Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
27 мая 2016, 15:15

Некаторыя рыбныя прадпрыемствы Беларусі давялося закрыць з-за расійскіх контрсанкцый - Заяц

27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Некаторыя рыбныя прадпрыемствы Беларусі давялося закрыць з-за санкцый, якія ўвёў расійскі бок адносна краін, дзе Беларусь закупляе рыбу, паведаміў сёння міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат беларускага парламента, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У мінулым годзе былі праінспектаваны службамі Рассельгаснагляду ўсе прадпрыемствы рыбнай галіны. Было закрыта 10 прадпрыемстваў. З кастрычніка (2015 года. - Заўвага БЕЛТА) і па сённяшні дзень нам удалося адкрыць усяго толькі два прадпрыемствы. Асноўная прычына - не антысанітарны парадак, а тое, што мы сёння перапрацоўваем рыбу з санкцыйных для Расіі краін", - сказаў Леанід Заяц.

Ён адзначыў, што ў кастрычніку 2015 года расійскія і беларускія спецыялісты праінспектавалі прадпрыемствы Нарвегіі, якія гатовы пастаўляць рыбу ў Беларусь. "Гэтыя прадпрыемствы былі ўнесены ў рэестр. Мы мелі поўнае права там купляць, перапрацоўваць і з новым змененым кодам пастаўляць прадукцыю на расійскі спажывецкі рынак", - сказаў кіраўнік Мінсельгасхарча. Аднак расійскі бок настойвае на перапрацоўцы ў Беларусі расійскай рыбы.

"Цяпер мы вельмі сур'ёзна працуем з Рассельгаснаглядам не толькі па рыбных прадпрыемствах, але і па ўсіх астатніх. У нас і мясакамбінаты ў некаторай ступені закрыты. Мы склалі ўвесь пералік неабходных дакументаў пасля інспектавання спецыялістамі Рассельгаснагляду ў красавіку бягучага года, перадалі пакет дакументаў на разгляд, каб прадпрыемствы былі адкрыты, у прыватнасці "Сузор'е" ў Полацкім раёне", - сказаў міністр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі