Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
17 лютага 2017, 13:22

"Не дзеля паказухі". Адміністрацыя Прэзідэнта вывучае ў рэгіёнах праблемы, якія хвалююць людзей

17 лютага, Рагачоў /Кар. БЕЛТА/. Выязныя прыёмы грамадзян па пытаннях рэалізацыі норм дэкрэта нумар 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", якія праводзіць гэтымі днямі ў рэгіёнах кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта, нацэлены на тое, каб вывучыць хвалюючыя людзей праблемы. Аб гэтым заявіў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў у час такога прыёму ў Рагачове, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што гэта не паказушныя мерапрыемствы. "Адміністрацыя Прэзідэнта імкнецца праехаць па рэгіёнах, паглядзець сітуацыю са зваротамі грамадзян з акцэнтам на самыя актуальныя пытанні, што датычацца рэалізацыі дэкрэта нумар 3, камунальных плацяжоў, сацыяльна-эканамічнай палітыкі і іншых, - сказаў ён. - Мы імкнёмся вывучыць зрэз праблем, якія хвалююць людзей у рэгіёнах".

На прыём да Максіма Рыжанкова прыйшлі людзі з рознымі жыццёвымі сітуацыямі. Афіцыйна беспрацоўны Дзяніс па прафесіі музыкант. Перавучыўся на праграміста і цяпер выконвае разавыя заказы розных расійскіх кампаній. Абставіны склаліся так, што ўладкавацца па спецыяльнасці ён не змог. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі звярнуў увагу, што даходы, атрыманыя з-за мяжы, падлягаюць абавязковаму дэклараванню. Падаходны падатак павінен аплачвацца па месцы пражывання. Калі б Дзяніс паказваў свае даходы ў дэкларацыі, то пад дзеянне дэкрэта ён не падпаў бы.

Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што дэкрэт нумар 3 памылкова звязваюць з барацьбой з дармаедствам. "Людзі, якія працуюць і не паказваюць свае даходы, не дармаеды. Яны ствараюць прадукцыю з дабаўленай вартасцю, прыносяць краіне пэўную карысць. Іншае пытанне, што яны не ўдзельнічаюць у пакрыцці сацыяльных расходаў", - растлумачыў ён. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі заклікаў не ўспрымаць сацыяльна арыентаваную палітыку па-ўтрыманску. Дзяржава прадастаўляе кожнаму сацгарантыі, але частку сацыяльнай адказнасці людзям трэба браць на сябе, у тым ліку шляхам сумленнай выплаты падаткаў.

Малады чалавек пагадзіўся з гэтым, дадаўшы, што да кожнага выпадку патрэбны індывідуальны падыход. Сам Дзяніс не адмаўляецца працаваць у Беларусі. "Не хачу працаваць на іншую краіну і не па сваёй спецыяльнасці. Дзяржава ўклала ў маю падтрымку як кваліфікаванага музыканта немалыя грошы", - сказаў ён. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прапанаваў Дзянісу і прадстаўнікам мясцовай улады вырашыць пытанне з яго працаўладкаваннем па спецыяльнасці. Малады чалавек адказаў, што мае намер звярнуцца з адпаведнай заявай у Рагачоўскі райвыканкам. "У гэтым і заключаецца адна з галоўных мэт мясцовых органаў улады - у пошуку работы для тых, хто звярнуўся. Трэба ўвайсці ў становішча кожнага чалавека і пастарацца яму дапамагчы вырашыць пытанне", - рэзюмаваў Максім Рыжанкоў.

Пацвярджэннем таго стаў выпадак Валянціны, якой прыйшло пісьмо з падатковай, што яна не поўнасцю пакрыла збор за 2015 год. Яна працавала ў дзіцячым садзе прачкай, дворнікам, вартаўніком, падмяняла водпускі і бальнічныя - з дэкрэтных водпускаў якраз пачалі выходзіць калегі. Але ўсё роўна для таго, каб не плаціць збор, ёй не хапіла шасці дзён. Жанчына звярталася ў выканкам наконт сваёй сітуацыі, але атрымала адмову.

Максім Рыжанкоў удакладніў, ці працавала Валянціна на момант прыняцця дэкрэта або схамянулася ў апошні момант. Яна расказала, што ўсё жыццё працуе ў сістэме дашкольнай адукацыі. Афіцыйна працаўладкавана і цяпер. Але грошай на тое, каб даплаціць збор, няма. Сям'я акрамя таго выплачвае крэдыт, які брала на рамонт дома. На думку першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі, гэта важкая падстава, каб пайсці насустрач чалавеку. "На тым і трымаецца мясцовая ўлада, каб ставіцца да кожнага пытання індывідуальна", - упэўнены ён.

На прыём да першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі запісалася 14 члавек. Многія пытанні былі вырашаны на месцы. Падводзячы ў гутарцы з журналістамі вынікі, Максім Рыжанкоў у цэлым пазітыўна ацаніў работу мясцовых улад са зваротамі грамадзян і выказаўся за тое, каб яны больш актыўна карысталіся прадастаўленымі ім па заканадаўстве паўнамоцтвамі пры вырашэнні ўзнікаючых у людзей пытанняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі