Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 студзеня 2017, 13:43

Наведванне шостага школьнага дня будзе добраахвотным для вучняў - Мінадукацыі

26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Наведванне шостага школьнага дня будзе добраахвотным для вучняў. Аб гэтым гаворыцца ў каментарыі Міністэрства адукацыі да загада міністра Ігара Карпенкі нумар 21 "Аб удасканаленні арганізацыі шостага школьнага дня". Тэкст каментарыя размешчаны на сайце ведамства, паведамляе БЕЛТА.

"Наведванне вучнямі і гімназістамі мерапрыемстваў шостага школьнага дня - справа добраахвотная", - адзначаецца ў каментарыі.

Таксама падкрэсліваецца, што ніякіх істотных змяненняў у рабоце педагогаў не адбудзецца. "Заканадаўства Беларусі прадугледжвае для педагогаў рабочы тыдзень працягласцю не больш за 36 гадзін. У адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі прадугледжаны шасцідзённы школьны тыдзень. І ніякіх змяненняў у гэтай частцы загад міністра не прадугледжвае", - гаворыцца ў каментарыі.

Што датычыцца больш актыўнага ўключэння ў шосты школьны дзень педагогаў-прадметнікаў, то тут мяркуецца, што кіраўнікі ўстаноў адукацыі, як і раней, будуць планаваць расклад шостага школьнага дня з улікам арганізацыі факультатыўных заняткаў для вучняў 9-11 класаў, стымулюючых - для адораных і таленавітых дзяцей, падтрымліваючых - для слаба паспяваючых. Прадугледжваецца, што правядзенне для вучняў 9-11 класаў дадатковых заняткаў менавіта ў гэты дзень, разгрузіць для дзяцей асноўны вучэбны тыдзень. Таксама ў гэты дзень настаўнікі-прадметнікі могуць праводзіць прадметныя тыдні, навукова-практычныя канферэнцыі, інтэлектуальныя конкурсы і іншыя мерапрыемствы.

Асаблівая ўвага ў загадзе ўдзелена ўзаемадзеянню з сям'ёй. "Бацькі, у выпадку неабходнасці, змогуць наведаць кансультацыі, сустрэцца з педагогамі-прадметнікамі, абмеркаваць пытанні, якія яны не могуць вырашыць з-за свайго рабочага часу ў будныя дні", - адзначаецца ў каментарыі.

У дакуменце даручаецца кіраўнікам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі забяспечыць планаванне выхаваўчай работы ў шосты школьны дзень у адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі, прадугледзеўшы работу аб'яднанняў па інтарэсах па розных профілях, напрамках дзейнасці.

У шосты школьны дзень павінны працаваць установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Максімальна занятымі ў мерапрыемствах шостага школьнага дня павінны быць вучні, якія патрабуюць асаблівай педагагічнай увагі, знаходзяцца на розных катэгорыях прафілактычнага ўліку.

Яшчэ адзін пункт загада мае на ўвазе ўзмацненне работы аб'яднанняў па інтарэсах працоўнай накіраванасці - "Умелыя рукі", "Рэальная справа", "Гатуем самі", "Вучымся шыць", "Гаспадынька" і гэтак далей.

Адно з прынцыповых новаўвядзенняў - вырашэнне пытанняў працоўнага выхавання і ўзаемадзеяння агульнай сярэдняй школы з сістэмай прафесійна-тэхнічнай адукацыі. "Будзе ўдзелена пільная ўвага арганізацыі і правядзенню прафарыентацыйных мерапрыемстваў, дапрафесійнай падрыхтоўкі і прафесійнага навучання вучняў школ і гімназій на базе прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў, - тлумачыцца ў каментарыі. - Правядзенне такіх заняткаў (у шосты школьны дзень) на базе ліцэяў і каледжаў дапаможа школьнікам атрымаць навыкі тых ці іншых прафесій".

У падпісаным дакуменце ёсць указанне і па арганізацыі на базе ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі занальных цэнтраў для правядзення мерапрыемстваў у шосты школьны дзень, "выязных субот" па месцы жыхарства вучняў у сельскай мясцовасці, дадаткова прапрацаваўшы пытанне аб магчымасці арганізацыі падвозу вучняў.

Па-ранейшаму ў школах і гімназіях будуць праводзіцца фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, гульні, спартакіяды, спаборніцтвы, заняткі аб'яднанняў па інтарэсах спартыўнай накіраванасці.

"Аплата працы настаўнікаў, якія праводзяць факультатыўныя, стымулюючыя, падтрымліваючыя заняткі, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з устаноўленай ім педагагічнай нагрузкай. Аплата працы класных кіраўнікоў, якія арганізуюць мерапрыемствы ў 6-ы школьны дзень, праводзiцца за кошт гадзін арганізацыйна-выхаваўчай работы. Акрамя таго, кіраўнік мае права ўстанаўліваць стымулюючыя выплаты (прэміі, надбаўкі) за правядзенне мерапрыемстваў у шосты школьны дзень", - гаворыцца ў каментарыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі