Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
21 жніўня 2018, 13:13

Навацыі ў персаніфікаваным уліку ФСАН дапамогуць аператыўна вырашаць пытанні занятасці - Мінпрацы

21 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі ўзмацняецца кантроль за арганізацыямі, якія плацяць сваім работнікам зарплаты ніжэйшыя за мінімальную заработную плату, а таксама прымаюцца меры для больш аператыўнага адсочвання патокаў кадраў. Гэта прадугледжана змяненнямі ў Правілы індывідуальнага (персаніфікаванага) уліку застрахаваных асоб у сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, якія ўнесены пастановай Савета Міністраў ад 9 жніўня 2018 года нумар 589 "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 ліпеня 1997 года нумар 837", паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

З 1 кастрычніка 2018 года індывідуальныя даныя аб суме выплат (даходу), што ўлічваюцца пры назначэнні пенсіі, і страхавых узносах па форме ПУ-3, прадстаўляюцца работадаўцамі за дзевяць месяцаў бягучага года па грамадзянах, якія выконваюць работы па грамадзянска-прававых дагаворах. Тэрмін прадстаўлення такіх форм - кастрычнік 2018 года. "Гэтыя звесткі неабходны для карэктнага фарміравання базы даных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, у адпаведнасці з пастановай Саўміна ад 31 сакавіка 2018 года нумар 239 "Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аднясення працаздольных грамадзян да не занятых у эканоміцы, фарміравання і вядзення базы даных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, уключаючы ўзаемадзеянне ў гэтых мэтах дзяржаўных органаў і арганізацый", - растлумачылі ў Мінпрацы і сацабароны.

А з 1 студзеня 2019 года наймальнікі павінны прадстаўляць формы ПУ-3 штоквартальна (на працягу месяца, што ідзе за справаздачным кварталам) і ў новым фармаце. З'явілася новая графа - "Код прычыны налічэння выплат (даходу), на якія налічваюцца страхавыя ўзносы, ніжэй за ўзровень месячнай мінімальнай заработнай платы, што ўстаноўлены і праіндэксаваны ў адпаведнасці з заканадаўствам". Гэта дапаўненне дапаможа своечасова выяўляць работадаўцаў, якія парушаюць заканадаўства, і аднаўляць законныя правы застрахаваных асоб. А скарачэнне тэрміну прадстаўлення формы створыць умовы для аператыўнага рэагавання органаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Мінпрацы на выпадкі непрадастаўлення індывідуальных звестак па застрахаванай асобе.

Для фізічных асоб, якiя самастойна выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы, зменены тэрмін прадстаўлення формы ПУ-3 - адзін раз у год не пазней за 31 сакавіка (раней быў устаноўлены тэрмін не пазней за 1 мая).

Акрамя таго, з 1 ліпеня 2019 года звесткі аб прыёме і звальненні па форме ПУ-2 прадстаўляюцца ў новым фармаце і больш аператыўна - да 10 чысла месяца, што ідзе за справаздачным кварталам. Таксама цяпер трэба будзе ўказваць форму працоўных адносін, падставы звальнення, найменні пасад служачых, прафесій рабочых, па якіх прыняты работнікі, а таксама ў выпадку іх пераводу на іншую пасаду.

У Мінпрацы адзначылі, што звесткі, атрыманыя ў выніку збору і ўліку даных аб прафесіях рабочых і пасадах служачых, дадуць магчымасць вызначаць патрэбнасць эканомікі ў кадрах па асноўных групах заняткаў і аператыўна рэагаваць на магчымы дысбаланс на рынку працы, выяўляць недахоп (лішак) спецыялістаў у рэгіёне з улікам відаў эканамічнай дзейнасці. Яны будуць садзейнічаць выяўленню прычын цякучасці кадраў, стымуляванню наймальнікаў да выканання заканадаўства аб працы, легалізацыі працоўнай дзейнасці, правядзенню прафілактычных мерапрыемстваў у адносінах да звольненых у сувязі з парушэннем заканадаўства аб працы, у тым ліку схільных да асацыяльнага ладу жыцця.

А новыя тэрміны прадастаўлення форм справаздачнасці ўдасканальваюць працэс паступлення і апрацоўкі дакументаў персаніфікаванага ўліку, гарантуюць карэктнае занясенне інфармацыі на індывідуальныя асабовыя рахункі застрахаваных асоб.

Таксама гэтыя меры з'яўляюцца базай для ўкаранення электроннай працоўнай кніжкі. У прыватнасці, з 1 ліпеня 2019 года адкрыццё індывідуальнага асабовага рахунку застрахаванай асобы для ўладальнікаў ідэнтыфікацыйнага нумара ў дакуменце, што засведчвае асобу, будзе ажыццяўляцца на падставе форм ПУ-2 або ПУ-3. Гэта значыць запаўняць або актуалізаваць даныя, якія ў іх уключаны, ужо не трэба, што скарачае дакументаабарот і эканоміць час плацельшчыка абавязковых страхавых узносаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі