Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 кастрычніка 2016, 19:18

Нацыянальная акадэмія навук становіцца рэальнай навукова-вытворчай карпарацыяй - Мясніковіч

26 кастрычніка, Мінск /Аксана Каруна - БЕЛТА/. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі становіцца рэальнай навукова-вытворчай карпарацыяй. Такое меркаванне выказаў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч сёння журналістам пасля цырымоніі адкрыцця ў Мінску эксперыментальнага ўчастка па выдзяленні чалавечага лактаферыну з малака трансгенных коз, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.

"Нацыянальная акадэмія навук становіцца рэальнай навукова-вытворчай карпарацыяй, вучоныя атрымліваюць прадукты ў лабараторных умовах, выходзяць на серыйную вытворчасць таварнай прадукцыі", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Спікер верхняй палаты парламента адзначыў, што работа вучоных у біятэхналагічным напрамку не абмяжуецца праектам па выдзяленні чалавечага лактаферыну з малака трансгенных коз. Ёсць шэраг напрамкаў біятэхналагічнага профілю. "Гэта канкрэтныя тавары, якія вырабляюцца для патрэб эканомікі краіны і нашых партнёраў з замежных кампаній, зацікаўленых у гэтых таварах. Напрыклад, ёсць папярэдняя дамоўленасць, сур'ёзнае прапанаванне па турэцкіх інвестыцыях: выкарыстоўваць вытворчасць асобных тавараў біялагічнага профілю для рэалізацыі сумесна на замежных рынках", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Выказваючы меркаванне адносна ідэі стварэння рэальнага біятэхналагічнага парка, спікер сказаў, што яна мае права на жыццё. "Белбіяград" як праект змяшчае тры ключавыя напрамкі - біятэхналогіі, фармацэўтычная прадукцыя і нанатэхналогіі. Гэта актуальна для нашай эканомікі, таму што тут вельмі высокая ўдзельная вага дабаўленай вартасці, нізкая матэрыялаёмістасць, нізкая энергаёмістасць, але высокая дабаўленая вартасць за кошт інтэлектуальнага ўкладу", - падкрэсліў старшыня Савета Рэспублікі.

Эксперыментальны ўчастак па выдзяленні чалавечага лактаферыну з малака трансгенных коз адкрыты сёння ў Мінску ў Інстытуце мікрабіялогіі НАН Беларусі. На пачатковым этапе плануецца выпуск мэтавага бялку ў колькасці не менш як 5 кг у год, што дасць магчымасць забяспечыць айчыннымі лактаферынзмяшчальнымі біялагічна актыўнымі дабаўкамі да ежы амаль 2 тыс. чалавек.

Лактаферын - унікальны поліфункцыянальны бялок, які прысутнічае ў малацэ чалавека і іншых млекакормячых. Мае перспектыўныя ў біяфармацэўтычных адносінах уласцівасці: антыбактэрыяльныя, антывірусныя, антымікробныя, антыканцэрагенныя, процізапаленчыя, імунамадулюючыя, антыаксідантныя і рэгенератыўныя. Гэты бялок запатрабаваны пры вытворчасці біялагічна актыўных дабавак, дзіцячага і дыетычнага харчавання, фармацэўтычнай і парфумерна-касметычнай прадукцыі. Сусветная патрэбнасць у лактаферыне дасягае 90 т штогод. Кошт аднаго грама рэкамбінантнага чалавечага бялку складае каля $900.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі