Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

Настаўнікі знаходзяцца на перадавой падрыхтоўкі грамадства да ўстойлівага развіцця - Шчоткіна

Грамадства 13.06.2018 | 17:03

13 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Настаўнікі знаходзяцца на перадавой падрыхтоўкі грамадства да ўстойлівага развіцця. Аб гэтым заявіла сёння намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця Мар'яна Шчоткіна, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, на сустрэчы са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка.

Парадак дня-2030 - гэта комплексная стратэгія павышэння якасці жыцця людзей, развіцця і спажывання без урону для будучых пакаленняў, растлумачыла Мар'яна Шчоткіна. Яна падкрэсліла, што ўсе 17 мэт цесна звязаны паміж сабой і важныя. Але ўсё ж асабліва вылучыла мэту нумар 17 (партнёрства ў інтарэсах устойлівага развіцця) і нумар 4 (якасная адукацыя). "Нічога нельга дасягнуць без адпаведнага ўзроўню адукацыі, - сказала яна. - Цудоўная фраза "мысліць глабальна, а дзейнічаць лакальна" мае на ўвазе: перш за ўсё трэба разумець, што і для чаго робіш, і ўсведамляць вынікі кожнага ўчынку. Гэта значыць цяпер трэба перастройваць свядомасць кожнага чалавека і грамадства ў цэлым на дасягненне ўстойлівасці: як правільна спажываць энергарэсурсы, як абыходзіцца з прыродай, як важна берагчы багацце Беларусі - чыстую ваду. У гэтым плане ад настаўніка залежыць вельмі шмат чаго. Гэта аўтарытэт для дзіцяці. Якія думкі і ідэі, каштоўнасці і традыцыі ён закладзе ў адукацыйны працэс - такое грамадства мы і атрымаем".

Сёння ў студэнтаў БДПУ была магчымасць пагутарыць з Мар'янай Шчоткінай, даведацца падрабязней аб дасягненні Мэт устойлівага развіцця (МУР) у Беларусі і тым, як моладзь і будучыя педагогі ў прыватнасці могуць удзельнічаць у гэтым працэсе. Бачачы зацікаўленасць, Мар'яна Шчоткіна заклікала студэнтаў сабраць валанцёраў і ўвайсці ў склад партнёрскай групы, якая ўжо займаецца прапрацоўкай прапаноў у Нацыянальную стратэгію ўстойлівага развіцця да 2035 года. "Крэатыўнасць, творчы патэнцыял, актыўнасць моладзі, іх бачанне будучага краіны - вось тое, што нам трэба. Мы чакаем прапаноў: што, магчыма, трэба змяніць у заканадаўстве, памяняць у падыходах маладзёжнай палітыкі. Пры распрацоўцы любой стратэгіі важна чуць розныя меркаванні, у тым ліку альтэрнатыўныя, каб нікога не пакінуць убаку", - адзначыла нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР.

"Наш універсітэт робіць многае, каб падрыхтаваць будучых педагогаў да рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця, - адзначыў рэктар БДПУ Аляксандр Жук. - Дасягненне ўсіх 17 МУР звязана з адукацыяй, таму што мы рыхтуем людзей да разумення гэтых мэт і ўсведамлення сваёй датычнасці. Для нашых выпускнікоў гэта справа іх прафесійнага будучага".

БДПУ - адзін з заснавальнікаў асацыяцыі "Адукацыя для ўстойлівага развіцця", на базе ВНУ ў 2017 годзе створаны Каардынацыйны цэнтр для навукова-метадычнага і інфармацыйна-арганізацыйнага суправаджэння і каардынацыі дзейнасці па пытаннях адукацыі ў сферы ўстойлівага развіцця. Праведзена тэматычная дэкада, арганізаваны майстар-класы з удзелам спецыялістаў з Германіі. Таксама вядзецца работа па стварэнні першай "Беларускай Навуковай крамы" - перспектыўнага механізма трансферу ведаў паміж грамадзянскай і навуковай супольнасцю з мэтай павышэння ўстойлівасці рэгіёнаў.

У 2017 годзе створаны Green Office BSPU - маладзёжнае аб'яднанне, якое развівае канцэпцыю "Устойлівы ўніверсітэт". На базе факультэтаў прыродазнаўства і дашкольнай адукацыі створаны і працуюць дзве студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі.

"Наша лабараторыя працуе ўжо амаль чатыры гады - займаемся тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкай педагогаў, якія на добраахвотнай аснове папулярызуюць Мэты ўстойлівага развіцця. Пасля заканчэння ВНУ яны не толькі вучаць дзяцей, але і развіваюць гэтыя ідэі ў мясцовых супольнасцях у рэгіёнах. Напрыклад, яны могуць навучаць раздзельнаму збору смецця, эканоміі энергарэсурсаў, разам з дзецьмі рыхтаваць навукова-даследчыя работы такой тэматыкі, удзельнічаць у экалагічных конкурсах, пісаць праекты на атрыманне грантаў, уплываць на школы, у якіх працуюць, каб тыя пайшлі па шляху ўстойлівага развіцця", - растлумачыў магістрант факультэта прыродазнаўства, старшыня лабараторыі "Педагагічная адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця" Уладзіслаў Жалняровіч.

У 2015 годзе дзяржавы - члены ААН прынялі Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года, які ўключае ў сябе спіс з 17 Мэт устойлівага развіцця (МУР). Усе яны ў сукупнасці накіраваны на ліквідацыю беднасці, барацьбу з няроўнасцю і несправядлівасцю, а таксама на вырашэнне праблем, звязаных з кліматычнымі змяненнямі.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Грамадства
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Традыцыі Яблычнага Спаса Яблычны Спас прыпадае на 19 жніўня. Гэта другі па ліку Спас, што ідзе за Мядовым Спасам (14 жніўня) і папярэднічае Палатнянаму (29 жніўня).