Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
29 жніўня 2016, 15:35

Нарматыўна-падушавое фінансаванне зарэкамендавала сябе ў гарадскіх школах - Качанава

29 жніўня, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Нарматыўна-падушавое фінансаванне ўжо зарэкамендавала сябе ў гарадскіх школах, але ў малакамплектных яно неэфектыўна. Такім меркаваннем падзялілася сёння з журналістамі намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава перад пачаткам жнівеньскай канферэнцыі педагагічных работнікаў "Адукацыя Віцебшчыны: даступнасць, якасць, эфектыўнасць", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нарматыўна-падушавое фінансаванне - гэта эксперымент, які зарэкамендаваў сябе для шэрага навучальных устаноў, перш за ўсё ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў гарадах. Школы розных рэгіёнаў прадаўжаюць далучацца да эксперыменту. У гэтым годзе ў Магілёўскай вобласці, напрыклад, сістэму пачалі прымяняць у поўным аб'ёме. Гэта добрая практыка, але ёсць нюансы, якія трэба ўлічваць. У малакамплектных школах эксперымент рэалізоўваць складана. Мы глыбока і дэталёва вывучаем гэту сістэму фінансавання. Калі яна дасць станоўчыя вынікі ў комплексе, распаўсюдзім вопыт на ўсю краіну", - рэзюмавала Наталля Качанава.

Першыя крокі ў гэтым напрамку робяцца ўжо некалькі гадоў, а пілотны праект па апрабацыі нарматыўнага (нарматыўна-падушавога) фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі стартаваў 1 студзеня 2016 года і завершыцца 31 снежня бягучага года. Ён рэалізуецца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі гарадоў Баранавічы, Жодзіна, Магілёў, Наваполацк, Скідзель, Лідскага раёна, Савецкага раёна Гомеля і Першамайскага раёна Мінска, таксама ў асобных установах агульнай сярэдняй адукацыі ў адпаведнасці з пералікам, вызначаным

Міністэрствам адукацыі.

Сутнасць сістэмы ў агульных рысах заключаецца ў тым, што прымяняецца нарматыў бюджэтнай забяспечанасці расходаў на навучанне і выхаванне ў разліку на аднаго навучэнца. Мяркуецца, што такі падыход дазволіць пашырыць магчымасці кіраўніцтва кожнай асобнай установы адукацыі ў распараджэнні фінансамі на патрэбы школы і ў павышэнні аплаты працы педагагічных работнікаў.

У абласной жнівеньскай канферэнцыі педагагічных работнікаў прымаюць удзел Наталля Качанава, намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі