Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 мая 2018, 15:48

НАН Беларусі зацікаўлена супрацоўнічаць з кітайскімі вучонымі ў галіне нана- і біятэхналогій

23 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі зацікаўлена супрацоўнічаць з Кітайскай акадэміяй навук у галіне нана- і біятэхналогій. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сярод перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва - касмічная галіна, нана- і біятэхналогіі, новыя матэрыялы, лазеры, медыцынскія тэхналогіі, машынабудаванне.

На базе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сумесна з кітайскімі партнёрамі для распрацоўкі і адаптацыі перадавых тэхналогій, а таксама іх прасоўвання на замежныя рынкі створана 20 сумесных міжнародных даследчых цэнтраў і лабараторый. Уладзімір Гусакоў звярнуў увагу, што Кітай сёння паспяхова развівае перспектыўныя напрамкі, звязаныя з мікраэлектронікай, электрамабілямі, суперкамп'ютарамі, накапляльнікамі электраэнергіі.

НАН Беларусі і буйнейшая кітайская авіяцыйная кампанія AVIC стварылі прадпрыемства "Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы", дзе будуць выпускаць беспілотнікаў. Да гэтага праекта можа далучыцца і Кітайская акадэмія навук, лічыць Уладзімір Гусакоў.

Прэзідэнт Кітайскай акадэміі навук Бай Чуньлі ў час наведвання НАН Беларусі таксама пацвердзіў цікавасць да развіцця двухбаковага супрацоўніцтва. Кітайская акадэмія навук шмат увагі ўдзяляе камерцыялізацыі навуковых даследаванняў і распрацовак - для Беларусі гэта таксама актуальна.

Баю Чуньлі - вядомаму вучонаму сусветнага ўзроўню ў галіне нанатэхналогій і сканіруючай зондавай мікраскапіі - сёння ўручылі дыплом замежнага члена НАН Беларусі.

Дэлегацыя Кітайскай акадэміі навук наведвае Беларусь 22-26 мая. Гэта першы візіт кіраўніка буйнейшай навуковай арганізацыі Кітая ў НАН Беларусі. Галоўная яго мэта - абмеркаванне перспектыўных напрамкаў і механізмаў развіцця супрацоўніцтва паміж акадэміямі навук дзвюх краін.

Кітайская акадэмія навук - вышэйшая навуковая арганізацыя КНР, вядучы цэнтр фундаментальных даследаванняў у галіне прыродазнаўчых навук у краіне. Сёння ў акадэміі займаецца даследчай дзейнасцю амаль 70 тыс. чалавек, у іх ліку каля 56 тыс. прафесійных даследчыкаў і вучоных. Кітайская акадэмія навук уключае 104 навукова-даследчыя інстытуты, 12 галіновых акадэмій і тры ўніверсітэты.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі