5 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Міністэрства замежных спраў падтрымлівае ідэю стварэння ў Мінску беларускага дома. Аб гэтым кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей заявіў сёння на адкрыцці другога пасяджэння кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў міністра, адпаведную прапанову ўнёс адзін з членаў кансультатыўнага савета. "Такія структуры паспяхова функцыянуюць у многіх суседніх з Беларуссю краінах. Гэта прапанова яшчэ патрабуе ўдакладнення і дэталёвай прапрацоўкі, - сказаў Уладзімір Макей. - МЗС падтрымлівае прапанову, і мы зробім усё магчымае, каб рэалізаваць гэту вельмі цікавую ідэю".
Міністр лічыць, што ў такім будынку маглі б быць размешчаны музей беларускага замежжа, арганізацыі, якія займаюцца развіццём супрацоўніцтва з беларусамі замежжа, рознымі таварыствамі дружбы, арганізацыямі замежных студэнтаў, якія навучаліся ў Беларусі. "Таксама там маглі б быць размешчаны залы для правядзення канцэртаў, літаратурна-мастацкіх сустрэч, з'ездаў, канферэнцый", - выказаў меркаванне Уладзімір Макей.
Ён папрасіў прадстаўнікоў бізнесу і арганізацыі беларусаў разгледзець магчымасць фінансавага ўдзелу ў рэалізацыі такога праекта.
Міністр таксама адзначыў, што ў наступным годзе пройдзе 7-ы з'езд беларусаў свету, арганізатарам якога традыцыйна выступае грамадскае аб'яднанне "Бацькаўшчына". "Падрыхтоўка і правядзенне гэтага мерапрыемства стане адным з галоўных напрамкаў работы ў сферы ўзаемадзеяння з суайчыннікамі. На гэтым з'ездзе павінны быць прыняты сапраўды важныя рашэнні, якія дадуць магчымасць актывізаваць дзейнасць беларусаў замежжа", - сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.-0-