Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
03 кастрычніка 2017, 14:21

Мужчынская зборная Беларусі па пажарна-выратавальным спорце заняла першае месца на ЧС у Турцыі

3 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мужчынская зборная Беларусі па пажарна-выратавальным спорце заняла першае агульнакаманднае месца на XIII Чэмпіянаце свету па пажарна-выратавальным спорце ў турэцкім Ізміры, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе МНС.

Спаборніцтвы, якія праходзілі пад эгідай Міжнароднай спартыўнай федэрацыі пажарных і ратавальнікаў, стартавалі з двух відаў праграмы: пад'ём па штурмавой лесвіцы ў акно вучэбнай вежы і пераадоленне 100-метровай паласы з перашкодамі. Сярэбраную ўзнагароду заваявала Вікторыя Осіпава, якая паказала рэзультат 7,62 сек у першым відзе праграмы. У пераадоленні паласы перашкод трэцім быў Арцём Прыбыш з рэзультатам 22,01 сек.

У мужчынскай пажарнай эстафеце 4х100 метраў спартсмены з Беларусі занялі другое месца (54,02 сек), а ў баявым разгортванні ад мотапомпы перамаглі з рэзультатам 26,00 сек. Паспяховае выступленне ў камандных відах дало магчымасць нашай зборнай заняць першае агульнакаманднае месца на чэмпіянаце свету. Акрамя таго, у дваябор'і сярод мужчын адразу два месцы на п'едэстале гонару занялі беларусы: Уладзімір Стральчэня стаў другім (28,53 сек), а Максім Шапараў - трэцім (29,08 сек).

Жаночая зборная ў эстафеце была чацвёртая, у баявым разгортванні ў беларусак бронзавы медаль.

Па суме ўсіх чатырох відаў (пад'ём па штурмавой лесвіцы ў акно вучэбнай вежы, пераадоленне 100-метровай паласы з перашкодамі, эстафета 4х100 метраў, баявое разгортванне ад мотапомпы) пяцёрка лепшых у агульнакамандных заліках выглядае наступным чынам: мужчыны - 1. Беларусь. 2. Расія. 3. Украіна. 4. Чэхія. 5. Узбекістан; жанчыны - 1.Чэхія. 2. Расія. 3. Казахстан. 4. Беларусь. 5. Турцыя.

Спартсменаў, якія вярнуліся з Турцыі, ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС павіншаваў міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка.

Чэмпіянаты свету па пажарна-выратавальным спорце традыцыйна збіраюць лепшых спартсменаў у гэтым відзе. Для ўдзельнікаў гэта добрая магчымасць прадэманстраваць свае прафесійныя і валявыя якасці. Як адзначылі ў МНС, мужчынская зборная Беларусі раней пяць разоў станавілася чэмпіёнам свету 2002, 2004, 2008, 2014 і 2016 гадоў, тытул у Ізміры з'яўляецца шостым для беларускай каманды.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі