Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 кастрычніка 2018, 12:38

Мінулы верасень стаў самым цёплым у Беларусі за апошнія 74 гады

12 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінулы верасень у Беларусі стаў самым цёплым за апошнія 74 гады. Такая інфармацыя размешчана на сайце Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, паведамляе БЕЛТА.

"Верасень характарызаваўся перавагай па-летняму цёплага надвор'я. І толькі ў трэцяй дэкадзе месяца пахаладнела. Сярэдняя за месяц тэмпература паветра склала 13-16,5 градуса цяпла, што на 2-3,5 градуса вышэй за кліматычную норму. Такім цёплым верасень у Беларусі выдаўся ўпершыню за пасляваенны перыяд", - гаворыцца ў паведамленні.

Сярэднясутачная тэмпература паветра на большай частцы тэрыторыі краіны толькі 22-23 верасня панізілася да 14 градусаў цяпла, што ў кліматалогіі лічыцца заканчэннем лета. Гэта ў сярэднім на дзве дэкады пазней за звычайны тэрмін. Большую частку месяца сярэднясутачная тэмпература паветра знаходзілася ў межах плюс 13-19 градусаў. Асобныя суткі ў асноўным па паўднёвым усходзе краіны сярэдні тэмпературны фон павышаўся да 20-24 градусаў. Удзень паветра прагравалася да 21-28 градусаў. У пачатку месяца, а таксама 13 верасня і 20 верасня ў паўднёва-ўсходніх раёнах краіны дзённы максімум тэмпературы дасягаў плюс 29-30 градусаў. Тэмпературны максімум - 30,2 градуса - зарэгістраваны 4 верасня на метэастанцыях Акцябр (Гомельская вобласць) і Пінск.

Дажджы ў верасні былі пераважна кароткачасовымі і часцей за ўсё адзначаліся ў трэцяй дэкадзе месяца. У цэлым за месяц на большай частцы тэрыторыі краіны выпала месячная норма ападкаў - 44-78 мм. У асобных раёнах Віцебскай, Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей і на большай частцы тэрыторыі Гомельскай вобласці сума ападкаў за месяц не перасягнула 22-43 мм (40-70 працэнтаў месячнай нормы).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі