19 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства транспарту і камунікацый лічыць неабходным узмацніць адказнасць аўтаперавозчыкаў за невыкананне патрабаванняў бяспекі пры перавозцы пасажыраў. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў міністэрстве.
"Міністэрства мае намер ініцыіраваць унясенне змяненняў у нарматыўныя прававыя акты для ўзмацнення адказнасці перавозчыкаў за невыкананне патрабаванняў бяспекі пры перавозцы пасажыраў, - адзначылі ў Мінтрансе. - Ведамства ўжо рыхтавала адпаведныя прапановы ў КоАП, але яны не былі падтрыманы. Аднак работа па рэалізацыі такой пазіцыі будзе прадоўжана".
Адказваючы на пытанне, ці магчыма прасачыць, дзе ездзіць вадзіцель транспартнага сродку і з якой скорасцю, у міністэрстве паведамілі, што ўсё залежыць ад таго, рэгулярны гэта перавозчык або нерэгулярны.
Патрабаваннямі Правіл аўтамабільных перавозак пасажыраў прадугледжана абавязковасць устаноўкі апаратуры спадарожнікавай навігацыі на транспартны сродак пры выкананні перавозкі ў рэгулярных зносінах. Пры гэтым такое абсталяванне падключаецца да праграмнага комплексу аператара перавозак пасажыраў, у выніку чаго прасочваецца выкананне схемы маршруту, раскладу і інш.
Што датычыцца нерэгулярных перавозчыкаў, то тут усё залежыць ад пазіцыі кіраўніка арганізацыі або індывідуальнага прадпрымальніка - паставіў ён на свае аўтобусы адпаведнае абсталяванне або не.-0-