Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
02 красавіка 2018, 14:54

Мінспорту спадзяецца на павелічэнне тэрміну бязвізу да 10 дзён праз Нацыянальны аэрапорт Мінск да канца года

2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства спорту і турызму спадзяецца на павелічэнне тэрміну бязвізу да 10 дзён праз Нацыянальны аэрапорт Мінск да канца бягучага года. Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Міхаіл Партной сёння ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

"На дзвюх турыстычных дэстынацыях ужо дзейнічае 10-дзённы бязвізавы рэжым. Адносна Нацыянальнага аэрапорта Мінск таксама актыўна ідзе працэс па павелічэнні працягласці знаходжання. Вырашэнне гэтага пытання не з'яўляецца прэрагатывай Міністэрства спорту і турызму, а знаходзіцца ў веданні знешнепалітычнага ведамства. Мы спадзяёмся, што да канца года будзе прынята станоўчае рашэнне наконт гэтага. На бяспеку бязвізавы рэжым не ўплывае, ён станоўча ўздзейнічае на эканоміку, палітычны імідж краіны", - сказаў Міхаіл Партной.

Ён таксама падкрэсліў мэтазгоднасць павелічэння тэрміну бязвізавага знаходжання ў сувязі з тым, што ў Беларусі ёсць вялікі патэнцыял для развіцця спартыўнага і медыцынскага турызму. "Створана добрая спартыўная інфраструктура, але для паўнацэнных збораў пяці сутак мала. Іншы складнік - санаторна-курортны комплекс, які ў нас у краіне захавалі, мадэрнізавалі. Гэты сегмент запатрабаваны, і для паўнацэннага адпачынку і аздараўлення пяці сутак таксама недастаткова", - дадаў намеснік міністра.

На сённяшні дзень бязвізавым парадкам уезду праз Нацыянальны аэрапорт Мінск скарысталіся амаль 97 тыс. грамадзян з 68 краін. У тым ліку ў лютым - сакавіку бягучага года колькасць такіх пасажыраў павялічылася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 34 працэнты і склала 10,5 тыс. чалавек. Найбольшы паток турыстаў адзначаецца з Германіі, Польшчы, Італіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі, Швецыі, Нідэрландаў, Латвіі, Літвы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі