Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 лістапада 2017, 09:04

Мінск мае патрэбу ў абнаўленні падсветкі і вонкавай рэкламы - Качанава

28 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінск мае патрэбу ў абнаўленні падсветкі і вонкавай рэкламы, заявіла 27 лістапада кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Наталля Качанава раней ужо выказвала прапанову аб распрацоўцы плана эстэтызацыі гарадскога асяроддзя Мінска. Актуальнасці гэта работа не страчвае. "Кожны суб'ект гаспадарання павінен звярнуць увагу на фасад свайго будынка, прылеглую тэрыторыю, рэкламу, якая павінна быць эстэтычнай, - запатрабавала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. - Займіцеся падсветкай горада. Напрыклад, для жылога дома можа быць адзін від падсветкі, для суб'ектаў гаспадарання - іншы. Але гэта павінна гарманічна і прыгожа выглядаць у гарадскім інтэр'еры. Трэба звярнуць увагу і на вонкавую рэкламу. Тыя ж білборды дзесьці ўжо ўстарэлі і не нясуць ніякай інфармацыйнай нагрузкі. Няма нічога складанага, каб зрабіць у горадзе прыгожую рэкламу". Яна лічыць, што галоўная роля ў вырашэнні гэтых пытанняў належыць кіраўнікам адміністрацый раёнаў Мінска.

Наталля Качанава таксама звярнула ўвагу на неабходнасць дасканалай падрыхтоўкі сталіцы да калядных і навагодніх свят. "Гэта ў першую чаргу датычыцца службаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, у тым ліку адзінай дыспетчарскай службы, выканання заявак, якія туды паступаюць. Святочныя мерапрыемствы павінны прайсці не толькі з добрым гандлем і ўпрыгожаным горадам, яны павінны быць бяспечнымі для грамадзян. Гэтым трэба займацца ўжо сёння", - запатрабавала яна.

Закранаючы іншыя прынцыповыя пытанні развіцця беларускай сталіцы, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта нагадала аб неабходнасці ўводу ў эксплуатацыю ўсіх даўгабудаў у 2018 годзе, навядзення парадку ў прыватным сектары. Ад кіраўнікоў рознага ўзроўню Наталля Качанава запатрабавала ўдзяляць асаблівую ўвагу зваротам грамадзян, прычым не толькі тым, якія напісаны або паступілі ў час асабістага прыёму, але і зваротам на сайтах, у сродках масавай інфармацыі. "Адсочвайце іх, інфармуйце грамадзян, вырашайце пытанні, якія задаюцца. Гэта твар горада Мінска і ўлады, якая тут працуе", - рэзюмавала яна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі