Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 красавіка 2018, 16:25

Мінск 27 красавіка адкрывае сезон атракцыёнаў і фантанаў

26 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сезон работы атракцыёнаў і фантанаў адкрыецца ў Мінску 27 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінгарвыканкама.

Урачыстая цырымонія запуску фантанаў адбудзецца ў 17.00 каля самага вялікага па плошчы гарадскога фантана, размешчанага перад Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета. У музычным тэатралізаваным паказе прымуць удзел артысты балета Вялікага тэатра і Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага, дзіцячыя творчыя калектывы. Арганізатары абяцаюць казачнае дзейства, плануецца, што паказ прадоўжыцца 30 хвілін.

У гэты дзень пачнуць працаваць і атракцыёны ў гарадскіх парках. Як паведаміў галоўны інжынер УП "Мінскзялёнбуд" Уладзімір Бабіўскі, цэны ў параўнанні з мінулым годам нязначна ўзраслі, яны апублікаваны на сайце ўпраўлення "Гарадскія паркі УП "Мінскзялёнбуд". "Спецыялісты прадпрыемства прааналізавалі затраты і запатрабаванасць атракцыёнаў, у залежнасці ад гэтага вызначаны кошт паслуг. Цэны павялічаны ў межах інфляцыі", - адзначыў ён.

Пракаціцца на коле агляду ў парку культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў будзе каштаваць Br2, у Цэнтральным дзіцячым парку імя М. Горкага - Br3 у закрытай і Br3,5 у адкрытай кабінках. Кошт іншых атракцыёнаў вагаецца ад Br0,7 да Br3,5. Прадугледжаны скідкі для шматдзетных сем'яў.

Уладзімір Бабіўскі дадаў, што перад адкрыццём сезона праводзіўся комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы кожнага атракцыёна. Сярод навінак сезона - яркі надзіманы комплекс у Цэнтральным дзіцячым парку імя М. Горкага, дадатковая дзіцячая гульнявая пляцоўка ў парку культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў. У хуткім часе ў гэтым парку плануецца таксама ўкараніць сучасную плацежна-прапускную сістэму.

Усяго на абслугоўванні УП "Мінскзялёнбуд" знаходзяцца 34 гарадскія фантаны і 56 атракцыёнаў. Графік работы размешчаны на сайце прадпрыемства.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі