Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 жніўня 2016, 14:39

Мінпрыроды прапануе ствараць экатурыстычныя кластары на базе асабліва ахоўных тэрыторый

25 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прапануе ствараць экатурыстычныя кластары на базе асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ). Аб гэтым паведаміў сёння міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута на сумесным пасяджэнні калегій Мінпрыроды і Мінспорту, тэмай якога стала развіццё экалагічнага турызму ў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Асобныя ААПТ дасягнулі поспехаў у развіцці экалагічнага турызму і ўжо маюць вопыт у яго арганізацыі. У першую чаргу, гэта нацыянальныя паркі, заказнікі "Спораўскі", "Ельня", "Налібоцкі" і іншыя. Для далейшага развіцця экалагічнага турызму, з улікам вопыту названых тэрыторый, мэтазгодна ствараць экатурыстычныя кластары на іх базе", - адзначыў міністр.

Разам з тым, паводле слоў Андрэя Каўхуты, узровень развіцця экалагічнага турызму ў Беларусі патрабуе прыняцця дадатковых мер. "Для вызначэння далейшых шляхоў развіцця гэтага віду турызму трэба ўнесці адпаведныя змяненні і дапаўненні ў Нацыянальную стратэгію развіцця сістэмы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый да 1 студзеня 2030 года. Акрамя таго, для сістэматызацыі дзейнасці ўсіх арганізацый, якія займаюцца развіццём экалагічнага турызму, аб'яднанні іх намаганняў, устойлівага выкарыстання рэсурсаў асабліва ахоўных прыродных тэрыторый неабходна прыняцце адпаведнага комплексу мер, які трэба зацвердзіць на ўзроўні ўрада", - растлумачыў ён.

Міністр падкрэсліў, што цяпер у Беларусі патэнцыял ААПТ для развіцця экалагічнага турызму выкарыстоўваецца менш як на трэць. "Аднак на асобных тэрыторыях назіраецца перавышэнне дапушчальных рэкрэацыйных нагрузак у 1,5-3 разы. Нерэгулюемая рэкрэацыйная дзейнасць на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях у шэрагу выпадкаў аказвае негатыўнае ўздзеянне на прыродныя экалагічныя сістэмы, біялагічную і ландшафтную разнастайнасць. Для забеспячэння захавання прыродных і экалагічных сістэм у 29 ААПТ (Бярэзінскім біясферным запаведніку, 4 нацыянальных парках, 24 рэспубліканскіх заказніках) Мінпрыроды ў 2011-2014 гадах зацверджаны нарматывы дапушчальнай нагрузкі, разлічаныя Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі", - расказаў ён.

У якасці станоўчага прыкладу зніжэння нагрузкі на асобныя ўчасткі асабліва ахоўных тэрыторый Андрэй Каўхута прывёў стварэнне ў Нацыянальным парку "Белавежская пушча" двух новых турыстычных комплексаў "Жаркаўшчына" і "Войтаў мост". Для раўнамернага размеркавання рэкрэацыйнай нагрузкі на ўсю тэрыторыю Нацыянальны парк "Браслаўскія азёры" актыўна развівае сетку турыстычных стаянак. На бягучы момант там функцыянуюць 64 турыстычныя стаянкі.

Сістэма ААПТ Беларусі на 1 ліпеня 2016 года ўключае 1 275 тэрыторый, у тым ліку Бярэзінскі біясферны запаведнік, 4 нацыянальныя паркі ("Белавежская пушча", "Браслаўскія азёры", "Прыпяцкі", "Нарачанскі"), 98 заказнікаў рэспубліканскага значэння, 275 заказнікаў мясцовага значэння, 329 памятнікаў прыроды рэспубліканскага значэння, 568 памятнікаў прыроды мясцовага значэння. Агульная плошча асабліва ахоўных тэрыторый складае 1 825,7 тыс. га, або 8,8 працэнта тэрыторыі краіны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі