Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
30 сакавіка 2017, 19:38

Мінпрацы: вядзецца работа па заключэнні пенсійных дагавораў з Чэхіяй, Польшчай, Эстоніяй і Малдовай

30 сакавіка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Цяпер вядзецца работа па заключэнні пенсійных дагавораў з Чэхіяй, Польшчай, Эстоніяй і Малдовай, а таксама над праектам дагавора аб пенсійным забеспячэнні працоўных дзяржаў - членаў ЕАЭС. Аб гэтым паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Ларыса Яшкова ў час анлайн-канферэнцыі на тэму "Пенсійнае забеспячэнне: сёння і заўтра", якая адбылася на сайтах БЕЛТА і міністэрства.

Ларыса Яшкова адзначыла, што міжнароднае супрацоўніцтва ў пенсійнай сферы развіваецца па шляху заключэння дагавораў, якія прадугледжваюць прыцягненне сродкаў дзяржаў, на тэрыторыі якіх грамадзяне працавалі, для сумеснага фінансавання выплаты ім пенсій. Такія дагаворы заключаны з Расіяй, Літвой, Латвіяй і Азербайджанам.

Адказваючы на пытанне жыхаркі Беларусі, якая пасля распаду СССР доўгі час працавала ў Расіі і якой у чэрвені бягучага года спаўняецца 55 гадоў, Ларыса Яшкова растлумачыла, што з заявай аб назначэнні пенсіі за стаж работы на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі пасля 13 сакавіка 1992 года неабходна звяртацца ва ўпраўленне па месцы жыхарства не раней, чым за месяц да дасягнення 55-гадовага ўзросту (пенсійны ўзрост для жанчын у Расіі).

Пенсіянерку з Латвіі, якая мае намер пераехаць у Беларусь і непакоіцца з-за сваёй пенсіі, начальнік галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Наталля Мурашкевіч праінфармавала, што з улікам палажэнняў дагавора паміж Беларуссю і Латвіяй аб супрацоўніцтве ў галіне сацыяльнага забеспячэння ад 29 лютага 2008 года ў сувязі з пераездам на сталае месца жыхарства ў Беларусь назначаная латвійская пенсія будзе пераводзіцца па месцы жыхарства ў Беларусі. Выплата будзе ажыццяўляцца раз у квартал у апошнім месяцы квартала шляхам залічэння на рахунак, адкрыты ў банку, у беларускіх рублях.

А вось 54-гадовай жанчыне, якая пераехала ў Ізраіль, падстаў для назначэння пенсіі ў Беларусі няма. "Права на дзяржаўнае пенсійнае забеспячэнне ў рэспубліцы маюць грамадзяне, якія пастаянна пражываюць на яе тэрыторыі. Іншыя правілы могуць быць прадугледжаны міжнароднымі дагаворамі. Паміж Беларуссю і Ізраілем дагавор у галіне пенсійнага забеспячэння адсутнічае", - растлумачыла Наталля Мурашкевіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі