Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 студзеня 2017, 19:45

Мінпрацы растлумачыла, што лічыць цяжкай жыццёвай сітуацыяй для вызвалення ад выплаты збору на фінансаванне дзяржрасходаў

13 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны растлумачыла, што лічыць цяжкай жыццёвай сітуацыяй для вызвалення ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў. Аб гэтым расказала журналістам начальнік упраўлення комплекснага аналізу Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Таццяна Юшкевіч пасля брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА.

"Мы разумеем, што разнастайнасць цяжкіх жыццёвых сітуацый апісаць у нарматыўна-прававым акце праблематычна. Чалавек з такой сітуацыяй можа звяртацца ў мясцовыя Саветы дэпутатаў або ў выканкамы, калі ім дэлегавана права прадастаўлення льготы па выплаце збору на фінансаванне дзяржрасходаў. Там разгледзяць гэта пытанне і прымуць рашэнне з улікам усіх фактаў", - адзначыла Таццяна Юшкевіч.

Атрымальнікі дзяржаўных дапамог з'яўляюцца ўдзельнікамі фінансавання дзяржрасходаў і вызваляюцца ад выплаты збору. "Існуюць дапамогі па доглядзе інваліда I групы або па доглядзе грамадзян, чый узрост - ад 80 гадоў і старэйшыя. Але ёсць і сумежныя выпадкі, калі чалавеку патрэбны час, напрыклад, для ўстанаўлення інваліднасці I групы ў блізкага сваяка. Тады мы сапраўды лічым, што гэта цяжкая жыццёвая сітуацыя, якая заслугоўвае разгляду мясцовым органам улады", - расказала яна. Да такіх сітуацый Таццяна Юшкевіч таксама аднесла выпадкі, звязаныя з часовай непрацаздольнасцю пажылых людзей. Акрамя таго, асаблівая катэгорыя - бацькі, якія даглядаюць дзецей старэйшых за 7 гадоў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Таксама начальнік упраўлення звярнула ўвагу, што да цяжкай жыццёвай сітуацыі можа адносіцца рэабілітацыя. "Напрыклад, да нас звярталася дабрачынная арганізацыя, якая працуе па рэабілітацыі асоб з алкагольнай залежнасцю. Мы ведаем, што чалавеку складана выйсці з такога стану, і калі ёсць такая магчымасць, гэта вельмі важна", - сказала яна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі