Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

Мінпрацы: пры назначэнні сацыяльнай дапамогі забяспечваецца індывідуальны падыход

Грамадства 14.06.2018 | 17:46

14 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пры назначэнні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі забяспечваецца індывідуальны падыход. Аб гэтым сёння на анлайн-канферэнцыі "Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога" паведаміла начальнік аддзела арганізацыі сацыяльнай дапамогі і па справах ветэранаў галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Мінпрацы Галіна Лазарэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Заканадаўствам па дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе ўстаноўлены дадатковыя ўмовы, якія даюць магчымасць ацаніць аб'ектыўнасць таго, наколькі грамадзянін мае патрэбу ў такой падтрымцы, - адзначыла Галіна Лазарэнка. - Рашэнне аб прадастаўленні дапамогі прымаецца раённай камісіяй, створанай мясцовым выканаўчым і распарадчым органам. Таму ў кожным канкрэтным выпадку, каб удакладніць такую магчымасць, трэба звяртацца ў орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства".

Малазабяспечаным і грамадзянам, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога прадастаўляецца ў выглядзе штомесячнай і аднаразовай сацыяльных дапамог. Штомесячная сацыяльная дапамога прадастаўляецца грамадзянам, у якіх сярэднедушавы даход за 12 месяцаў, што папярэднічаюць месяцу звароту па дапамогу, па аб'ектыўных прычынах ніжэйшы за крытэрый патрэбнасці (з 1 мая 2018 года - Br206,58). Па аднаразовую сацыяльную дапамогу могуць звярнуцца грамадзяне, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, якая парушае нармальную жыццядзейнасць, пры ўмове, што іх сярэднедушавы даход складае не больш за 150 працэнтаў крытэрыю патрэбнасці (з 1 мая 2018 года - Br309,87).

Анлайн-канферэнцыя на тэму "Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога" прайшла сёння на сайце Мінпрацы. Адказы на пытанні аб парадку звяртання па дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу, яе відах і ўмовах прадастаўлення давалі намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак, начальнік галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Марыя Гарбацэвіч і начальнік аддзела арганізацыі сацыяльнай дапамогі і па справах ветэранаў галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Мінпрацы Галіна Лазарэнка.

Жыхарка Навагрудка, сям'і якой назначана штомесячная сацыяльная дапамога на два месяцы і складзены план па паляпшэнні матэрыяльнага становішча, пацікавілася, ці зможа яна паўторна звярнуцца па дапамогу, калі план не будзе па нейкіх прычынах выкананы. "У выпадку невыканання мерапрыемстваў па паляпшэнні матэрыяльнага становішча па суб'ектыўных прычынах пры паўторным звароце сям'я страчвае права на атрыманне штомесячнай сацыяльнай дапамогі", - адказаў Аляксандр Румак.

Галіна Лазарэнка, адказваючы на адно з пытанняў па тэме, растлумачыла: каб пацвердзіць даходы, атрыманыя ад прадпрымальніцкай дзейнасці, для назначэння штомесячнай сацыяльнай дапамогі грамадзянін павінен сам прадаставіць звесткі аб такім даходзе, завераныя яго подпісам. Яны ўключаюцца ў сярэднедушавы даход сям'і (грамадзяніна).

Цікавіліся грамадзяне і ўмовамі прадастаўлення падтрымкі на прадукты харчавання, падгузкі для дзяцей. Напрыклад, бацька двайнят пытаўся, якімі прадуктамі харчавання будуць забяспечвацца дзеці, ці зможа сям'я атрымліваць імпартныя сумесі. "Сем'ям пры нараджэнні і выхаванні двайнят і больш дзяцей дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога ў выглядзе забеспячэння прадуктамі харчавання прадастаўляецца незалежна ад узроўню даходу ў натуральнай форме на кожныя 6 месяцаў да дасягнення дзіцем узросту двух гадоў. Пры гэтым выдаюцца толькі прадукты айчыннай вытворчасці. Такая дапамога прадастаўляецца на падставе рэкамендацый урача-педыятра па рацыёне харчавання дзіцяці ў адпаведнасці з яго станам здароўя і з улікам прыкладных месячных набораў прадуктаў харчавання для дзяцей ранняга ўзросту, зацверджаных пастановай Мінпрацы і сацабароны і Міністэрствам аховы здароўя", - растлумачыла Марыя Гарбацэвіч. Адпаведная заява падаецца адным з бацькоў у орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства або месцы знаходжання. Пры гэтым асноўнай умовай прадастаўлення дапамогі з'яўляецца фактычнае пражыванне дзіцяці па месцы жыхарства бацькоў.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Грамадства
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Дынаміка змянення стаўкі рэфінансавання НБ РБ Нацыянальны банк зніжае стаўку рэфінансавання ў Беларусі з 27 чэрвеня на 0,5 працэнтнага пункта да 10% гадавых. Апошні раз стаўка рэфінансавання змянялася 14 лютага 2018 года.