Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 чэрвеня 2016, 15:57

Мінпрацы прапануе павялічыць дапамогі некаторым катэгорыям сем'яў з дзецьмі-інвалідамі

23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын", міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна, выступаючы сёння на V Усебеларускім народным сходзе, прапанавала павысіць памер дапамогі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў з трэцяй і чацвёртай ступенню страты здароўя, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Мар'яна Шчоткіна, у прыватнасці, адзначыла, што сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, маюць патрэбу ў падтрымцы і дзяржавы, і грамадства. "Мы патрануем многія такія сем'і і бачым, што больш за трэць з іх, на жаль, адносяцца да катэгорыі няпоўных. Не вытрымліваюць нагрузкі некаторыя - у асноўным, шчыра кажучы, таты, - сказала кіраўнік ведамства. - Таму прапануем узмацніць сацыяльную падтрымку такіх сем'яў, унесці змяненні ў закон аб дапамогах".

У прыватнасці, паводле слоў Мар'яны Шчоткінай, размова ідзе аб павелічэнні памеру дапамогі па доглядзе дзіцяці-інваліда да 18 гадоў з цяжкай ступенню страты здароўя, гэта значыць трэцяй i чацвёртай. Таксама прапануецца дазволіць бацькам, якія ажыццяўляюць догляд дзіцяці-інваліда да 18 гадоў, акрамя атрымання дапамогi ў поўным аб'ёме, працаваць на ўмовах няпоўнай занятасці.

Што датычыцца спецыфікі работы жанчын, якія маюць дзяцей да трох гадоў, міністр звярнула ўвагу, што вытворчасць паступова мадэрнізуецца, укараняецца сучаснае абсталяванне і, адпаведна, паляпшаюцца ўмовы працы. "Жанчыны могуць працаваць без шкоды для свайго здароўя. Сёння мы прапануем унесці змяненні ў Працоўны кодэкс у частцы зняцця забароны на прыцягненне да работы ў святочныя і выхадныя дні, а таксама накіравання ў службовую камандзіроўку працуючых жанчын, якія маюць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў. Згадзіцеся, калі за дзіцем ажыццяўляе догляд іншы член сям'і, жанчына не можа быць абмежавана ў праве рэалізацыі сваіх прафесійных інтарэсаў. На нашу думку, выключна з яе згоды яна можа ў гэты перыяд павышаць сваю кваліфікацыю, праходзіць стажыроўку, працаваць у святочныя дні (паколькі яны аплачваюцца ў двайным памеры)", - заўважыла Мар'яна Шчоткіна.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі