Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
12 ліпеня 2017, 19:13

Мінпрацы пракаменціравала пытанні страхавога стажу для назначэння працоўнай пенсіі

12 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны пракаменціравала пытанні страхавога стажу (стажу работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне) для назначэння працоўнай пенсіі па ўзросце і зніжэнні гэтага стажу з улікам норм указа ад 29 чэрвеня 2017 года нумар 233 "Аб пенсійным забеспячэнні асобных катэгорый грамадзян", паведамляе БЕЛТА.

Указам нумар 233 прадугледжана зніжэнне да 10 гадоў страхавога стажу (работы з выплатай узносаў) грамадзянам, якія не адпрацавалі патрэбнага страхавога стажу (ад 16 гадоў у 2017 да 25 гадоў у 2025 годзе), паколькі працягла займаліся іншай дзейнасцю, якая ўлічваецца ў пенсійных адносінах: напрыклад, даглядалі малалетняе дзіця, вучыліся на дзённым аддзяленні, праходзілі ваенную службу, даглядалі непрацаздольнага. Поўны пералік такіх перыядаў дзейнасці змешчаны ў частцы другой артыкула 51 закона "Аб пенсійным забеспячэнні".

Іншая дзейнасць грамадзян для мэт пенсійнага забеспячэння не ўлічваецца. Напрыклад, права на працоўную пенсію ніколі не прадастаўлялася і не можа прадастаўляцца за вядзенне ўласнай дамашняй гаспадаркі.

Такім чынам, калі неабходны страхавы стаж не сфарміраваны па прычыне працяглага ажыццяўлення дзейнасці, пералічанай у частцы другой артыкула 51 закона, пенсія па ўзросце можа назначацца пры агульным стажы не менш як 35 гадоў у жанчыны, 40 - у мужчыны, з якіх толькі 10 гадоў прыпадае на работу з выплатай узносаў.

Падыходы да вылічэння страхавога стажу з прыняццем указа не змяніліся: гэта толькі перыяды работы (прадпрымальніцкай, творчай дзейнасці) з выплатай абавязковых страхавых узносаў.

Што датычыцца догляду малалетняга дзіцяці, то згодна з пунктам "в" артыкула 51 у стаж уключаюцца перыяды водпуску па доглядзе дзіцяці і догляду дзяцей да дасягнення імі ўзросту 3-х гадоў (але не больш за 9 гадоў увогуле). Наяўнасць гэтай нормы не азначае, што кожнай маці ў абавязковым парадку стаж павялічваецца на тры гады за кожнае дзіця. Пры вылічэнні стажу ўлічваецца, ці працуе маці на дату нараджэння дзіцяці, а таксама даты нараджэння наступных дзяцей.

Калі маці на дату нараджэння дзіцяці знаходзіцца ў працоўных адносінах, у стаж уключаецца яе работа да і пасля водпуску па доглядзе дзіцяці (як стаж работы з выплатай узносаў), а таксама непасрэдна сам водпуск па доглядзе дзіцяці да трохгадовага ўзросту, так званы дэкрэтны водпуск (як перыяд догляду дзіцяці) - на падставе загадаў наймальніка аб пачатку і заканчэнні водпуску. Калі маці выйшла на работу датэрмінова (да заканчэння водпуску), час догляду дзіцяці таксама лічыцца да выхаду на работу.

Калі маці на дату нараджэння дзіцяці не працуе, у стаж уключаецца час догляду дзіцяці да дасягнення ім трохгадовага ўзросту (па пасведчанні аб нараджэнні). Калі маці працаўладкавалася раней за дасягненне дзіцем узросту трох гадоў, час догляду таксама ўключаецца ў стаж да яе выхаду на работу.

Гэта значыць, супадаючыя па часе перыяды (работы і/або догляду) улічваюцца пры вылічэнні стажу толькі адзін раз. Гэта актуальна і для выпадкаў, калі догляд ажыццяўляўся адначасова за некалькімі дзецьмі, якія нараджаліся з інтэрвалам менш за тры гады. Напрыклад, пры нараджэнні двайнят супадаючыя па часе перыяды догляду двух дзяцей будуць залічаны ў стаж у каляндарным парадку толькі адзін раз - як догляд аднаго дзіцяці.

Максімальная працягласць перыядаў догляду, што ўключаюцца ў стаж, і для працуючых маці (у выглядзе водпускаў па доглядзе), і для непрацуючых маці - дзевяць гадоў, незалежна ад колькасці дзяцей. У шматдзетных сем'ях, як правіла, дзеці нараджаюцца без значных перапынкаў паміж нараджэннямі. Таму максімальны дзевяцігадовы перыяд можа ахопліваць час догляду маці за чацвёртым, пятым і нават наступнымі дзецьмі.

У роўнай ступені гэта адносіцца і да ўключэння ў стаж часу догляду працуючай маці за дзецьмі, народжанымі да 1990 года. Трохгадовы водпуск па доглядзе дзіцяці стаў прадастаўляцца толькі з 1 снежня 1989 года, у 1982-1989 гадах ён складаў паўтара года, а да 1982 года быў яшчэ меншы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі