Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
08 лютага 2018, 14:23

Мінлясгас: заражэнне жукамі-караедамі - самае маштабнае за ўсю гісторыю пашкоджанне беларускіх лясоў

8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Заражэнне жукамі-караедамі стала самым маштабным пашкоджаннем беларускіх лясоў за ўсю гісторыю. Аб гэтым паведаміў першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік на семінары па адаптацыі лясной гаспадаркі Беларусі да змянення клімату, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У мінулым годзе мы сутыкнуліся з сур'ёзнай праблемай размнажэння шкоднікаў хвойных насаджэнняў, у выніку якога плошча суцэльных санітарных высечак склала больш за 30 тыс. га. За ўсю гісторыю лясной гаспадаркі Беларусі з такімі маштабнымі пашкоджаннямі лясоў мы сутыкаемся ўпершыню. Нашы партнёры ў сумежных краінах пацвярджаюць аналагічную сітуацыю, якая адбываецца ў іх лясах", - сказаў Аляксандр Кулік.

Паводле яго слоў, пашкоджанне насаджэнняў шкоднікамі і хваробамі - наступствы змянення клімату. "Тэма змянення клімату, укараненне прынцыпаў зялёнай эканомікі, устойлівага развіцця не з'яўляюцца новымі для Беларусі, але яны па-ранейшаму актуальныя для эканомікі краіны, лясной гаспадаркі, навакольнага асяроддзя. Заканадаўча замацаваны і рэалізуюцца на практыцы агульныя прынцыпы вядзення лясной гаспадаркі: рацыянальнае выкарыстанне лясных рэсурсаў, прыярытэтнасць узнаўлення лясоў над лесакарыстаннем, захаванне біялагічнай разнастайнасці. Рэалізуецца стратэгічны план развіцця лясной гаспадаркі на перыяд з 2015 па 2030 год. Павялічваецца плошча лясоў, іх прадукцыйнасць", - расказаў першы намеснік міністра.

Семінар, які праходзіць у Беларускім тэхналагічным універсітэце, прадугледжвае прэзентацыю праграмы "Стратэгія і планы дзеянняў па адаптацыі лясной гаспадаркі Беларусі да змянення клімату, павелічэння абсарбацыі парніковых газаў, укаранення прынцыпаў зялёнай эканомікі" і чатыры тэматычныя круглыя сталы. Абмяркоўваюцца праблемы стану лясоў, найбольш значныя наступствы змянення клімату і агульнаеўрапейскія падыходы па адаптацыі да яго лясной гаспадаркі. Будзе прадстаўлены праект стратэгіі Нацыянальнага плана па ўкараненні прынцыпаў зялёнай эканомікі ў лясную гаспадарку да 2030 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі