Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
13 кастрычніка 2017, 11:04

Мінлясгас ініцыіруе ўнясенне змяненняў у Лясны кодэкс

13 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства лясной гаспадаркі ініцыіруе ўнясенне змяненняў у Лясны кодэкс. Аб гэтым ішла размова ў час круглага стала з удзелам кіраўніцтва міністэрства, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, галоўных ляснічых ДВЛГА, дырэктараў лясгасаў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінлясгаса.

Удзельнікі круглага стала гаварылі аб неабходнасці ўнясення асобных змяненняў у Лясны кодэкс Беларусі, прыняты ў снежні 2015 года. Першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік адзначыў, што гэта важнейшы дакумент для лясной гаспадаркі, работа над якім вялася не адзін год і была вельмі няпростая. "Гэта комплексны, сучасны дакумент, ён просты ў прымяненні і адказвае ўсім выклікам нашага часу. Разам з тым жыццё пастаянна ўносіць свае карэктывы - нам нельга адставаць і трэба своечасова ўносіць змяненні", - падкрэсліў ён.

У якасці прыкладу першы намеснік міністра прывёў анамаліі надвор'я, наступствы якіх лясны фонд краіны адчувае на працягу ўжо некалькіх гадоў. У выніку ўрагану, які прайшоў па тэрыторыі Беларусі ў ліпені 2016 года, было знішчана 16,5 тыс. га здаровых насаджэнняў. У гэтым годзе спецыялісты лясной галіны сутыкнуліся з яшчэ больш сур'ёзнай праблемай - заражэннем шкоднікамі і ўсыханнем хвойных насаджэнняў, у выніку чаго амаль 24 тыс. га запатрабавалі правядзення суцэльных санітарных высечак, з іх 19,3 тыс. га хвоі і 4,2 тыс. га елкі. "Гэтыя негатыўныя з'явы патрабуюць прыняцця неадкладных арганізацыйных мер, а таксама мер, накіраваных на ўдасканаленне заканадаўчых актаў, якія рэгулююць пытанні выкарыстання, аховы, абароны і ўзнаўлення лясоў", - падкрэсліў Аляксандр Кулік.

Прадстаўнікі Мінлясгаса звярнулі ўвагу на неабходнасць канкрэтызацыі асобных палажэнняў кодэкса. Сярод прапаноў па ўдасканаленні дакумента - удакладненне паўнамоцтваў юрыдычных асоб, якія вядуць лясную гаспадарку, у частцы назначэння і правядзення іншых высечак у насаджэннях, не запраектаваных лесаўпарадкаваннем; удасканаленне і канкрэтызацыя парадку вывазкі нарыхтаванай драўніны з лесасек галоўнага і прамежкавага карыстання; прадугледжанне абавязку арандатараў па поўным асваенні разліковай лесасекі, перададзенай для нарыхтоўкі драўніны, якая выкарыстоўваецца для загрузкі мадэрнізаваных прадпрыемстваў.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы Таццяна Кананчук адзначыла, што перад дэпутацкім корпусам стаіць задача абмеркаваць разам са спецыялістамі ўсе праблемныя пытанні.

Чакаецца, што дыялог спецыялістаў Мінлясгаса і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў па ўнясенні змяненняў у Лясны кодэкс прадоўжыцца ў бліжэйшы час.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі