Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 жніўня 2017, 10:35

Міністэрства аховы здароўя праверыла фармрынак: цэны на лякарствы зніжаны па шэрагу пазіцый

23 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэны на айчынныя і замежныя лекавыя сродкі ў Беларусі зніжаны па шэрагу пазіцый па выніках маніторынгу фармрынку, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Людміла Равуцкая.

Маніторынг быў арганізаваны па даручэнні Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле слоў Людмілы Равуцкай, пытанне забеспячэння цэнавай даступнасці лекавых сродкаў знаходзіцца на пастаянным кантролі ў Міністэрстве аховы здароўя. Работа, якая праводзіцца ў гэтым напрамку, дала магчымасць дабіцца ўстойлівага зніжэння цэн на лякарствы. Так, паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, на працягу 2017 года назіраецца зніжэнне сярэдніх рознічных цэн на лекавыя сродкі: індэкс спажывецкіх цэн за студзень-жнівень 2017 года да снежня 2016-га склаў 98,55 працэнта.

Пасля візіту кіраўніка дзяржавы ў г.п. Копысь Аршанскага раёна Міністэрству аховы здароўя была пастаўлена задача - правесці глыбокі аналіз цэн на асобныя лекавыя сродкі, кошт якіх у Беларусі вышэйшы, чым у сумежных краінах, і выпрацаваць рашэнні па іх зніжэнні.

Цяпер у Беларусі такіх лекавых сродкаў усяго каля 4,4 працэнта ад усіх зарэгістраваных. Цэны на астатнія лякарствы знаходзяцца на супастаўным узроўні і ніжэйшыя (а ў шэрагу выпадкаў значна ніжэйшыя), чым у сумежных краінах.

На падставе інфармацыі рэгулятарных агенцтваў іншых краін, у тым ліку ЕС, існуючая розніца ў цэнах на аналагічныя лекавыя сродкі з'яўляецца актуальнай і ў краінах - членах ЕС, дзе цэны на асобныя аналагічныя найменні могуць адрознівацца ў некалькі разоў (напрыклад, у Польшчы, Германіі і Нарвегіі).

Міністэрства аховы здароўя сумесна з РУП "Белфармацыя" распрацавала і рэалізуе комплекс мер па зніжэнні цэн на айчынныя прэпараты і лякарствы замежнай вытворчасці (шэраг найменняў) да іх узроўню ў сумежных дзяржавах. "Штотыднёва ў міністэрстве праводзяцца перагаворы па гэтым пытанні. Мы запрашаем вытворцаў для абмеркавання далейшых магчымасцей зніжэння цэн на лекавыя сродкі", - адзначыла Людміла Равуцкая.

Праведзены перагаворы з 10 замежнымі пастаўшчыкамі (вытворцамі), такімі як: Sandoz Pharmaceuticals d.d. (Славенія), GlaxoSmithKline Export Limited (Вялікабрытанія), фармацэўтычны завод "Польфарма" АТ (Польшча), ААТ "Хімічны завод Гедэон Рыхтэр" (Венгрыя), ЗАТ "Фармацэўтычны завод ЭГІС" (Венгрыя), Bayer Pharma AG (Германія), Abbott Products Operations A.G. (Швейцарыя), KRKA (Славенія) і інш.

Па выніках праведзеных перагавораў ужо атрыманы прапановы па зніжэнні кантрактных цэн ад 10 працэнтаў да 60 працэнтаў ад ЗАТ "Фармацэўтычны завод ЭГІС" (Венгрыя), Abbott Products Operations A.G. (Швейцарыя), Bayer Pharma AG (Германія), KRKA (Славенія) больш як на 40 найменняў лекавых сродкаў.

З айчыннымі вытворцамі таксама праведзены перагаворы аб неабходнасці зніжэння кошту асобных медыкаментаў. Па выніках перагавораў атрыманы прапановы па зніжэнні адпускных цэн на лякарствы ад РВУП "Акадэмфарм", ТАА "Рубікон" СП ТАА "Фармлэнд", СТАА "Лекфарм". Практычна на ўсе праблемныя пазіцыі адпускныя цэны ў беларускіх вытворцаў зніжаны.

"Адзначу, што падаражэнне затрат у фармацэўтычнай вытворчасці (для айчынных лекавых сродкаў) звязана з выкарыстаннем у яе працэсе значнай часткі імпартнай сыравіны і матэрыялаў па кан'юнктурных цэнах знешняга рынку, - сказала Людміла Равуцкая. - Асноўная сыравіна (фармацэўтычныя субстанцыі) і асобныя дапаможныя матэрыялы набываюцца вытворцамі за валюту. Кошт валютнага складніка вызначае больш за 40 працэнтаў затрат на вытворчасць, а па асобных пазіцыях звыш 70 працэнтаў". Таксама з улікам міжнароднай тэндэнцыі ўзмацнення патрабаванняў да якасці фармацэўтычных субстанцый цяпер заканамерна назіраецца рост іх узроўню цэн.

"Паступленне лекавых сродкаў са зніжанымі кантрактнымі цэнамі ў аптэчную сетку арганізавана ў магчыма кароткія тэрміны", - паведаміла начальнік упраўлення.

Міністэрства аховы здароўя ў лютым 2016 года ініцыіравала падпісанне мемарандума па стрымліванні цэн на лекавыя сродкі замежных вытворцаў. Гэта забяспечыла захаванне кантрактных цэн практычна ўсіх замежных кампаній у 2016-2017 гадах на ўзроўні 2015-га, а таксама па шэрагу найменняў зніжэнне да ўзроўню 2014 года. Для аператыўнага аналізу тэндэнцый змянення цэн на лякарствы створана рабочая група па правядзенні комплекснага аналізу фармацэўтычнага рынку. Яна сфарміравана з самых аўтарытэтных прадстаўнікоў прадпрыемстваў дзяржаўнай і недзяржаўнай формы ўласнасці, асацыяцый і вытворцаў.

Рэгулярна праводзіцца планавы маніторынг цэн на лякарствы айчыннай і замежнай вытворчасці ў аптэках суб'ектаў гаспадарання ўсіх форм уласнасці. У 2015-2016 гадах і за шэсць месяцаў 2017-га парушэнняў парадку цэнаўтварэння або перавышэння ўстаноўленых аптовых і гандлёвых надбавак не выяўлена.

У сувязі з тым, што лекавае забеспячэнне лячэбнага працэсу арганізуецца ва ўсіх краінах, у тым ліку ў Беларусі, з улікам міжнародных непатэнтаваных найменняў, адзін з галоўных напрамкаў работы Міністэрства аховы здароўя ў сферы лекавай палітыкі - забеспячэнне на рынку якасных і даступных па цане генерыкаў айчыннай вытворчасці. Наменклатура беларускіх лякарстваў пастаянна пашыраецца, у тым ліку за кошт асваення сучасных запатрабаваных прэпаратаў па значна больш нізкіх цэнах. У аптэках у дастатковай колькасці ёсць у наяўнасці прэпараты розных вытворцаў і цэнавых катэгорый. Такім чынам, пацыентам прадастаўлена права выбару назначанага лекавага сродку з улікам яго цэнавай даступнасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі