Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
07 кастрычніка 2019, 09:26

Міністэрства аховы здароўя: грып і ВРВІ клінічна працякаюць па-рознаму

7 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Грып і ВРВІ клінічна працякаюць па-рознаму, пацвярджаць вірусалагічнымі даследаваннямі трэба толькі першы дыягназ. Гэтыя адрозненні праясніла намеснік міністра аховы здароўя - галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Наталля Жукава ў эфіры тэлеканала СТБ, паведамляе БЕЛТА.

"Дыягназ "грып" ставіцца па клінічных паказаннях і рэзультатах вірусалагічных даследаванняў. Але людзі не задаюць пытання, чаму паўсюдна не праводзяцца вірусалагічныя даследаванні пры пастаноўцы дыягназу "ВРВІ". Ва ўсім свеце няма такой практыкі вірусалагічна пацвярджаць кожны дыягназ вострай рэспіраторнай віруснай інфекцыі - гэта дорага і немэтазгодна. Інфекцыяністы гавораць, што грып і ВРВІ клінічна працякаюць па-рознаму. Таму давайце даверымся ўрачам, якія ставяць дыягназ на падставе клінічных даных", - заклікала Наталля Жукава.

Зрэшты, калі ёсць неабходнасць, праводзяцца і вірусалагічныя даследаванні. Дарэчы, гэта пры жаданні можна зрабіць на платнай аснове - каб устанавіць дакладны дыягназ.

Беларусь набліжаецца да пачатку эпідсезона, пік якога прагназуецца ў лютым. Ужо стартавала кампанія па вакцынацыі, ад грыпу прышчапіліся 2 працэнты насельніцтва. Усяго плануецца прышчапіць каля 40 працэнтаў жыхароў. За кошт рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў насельніцтва будуць прышчэпліваць вакцынай "Грыпол плюс" (Расія), бясплатна вакцынуюць групы рызыкі. Прадпрыемствы могуць самі выбраць, якую вакцыну яны будуць закупляць для сваіх супрацоўнікаў. Акрамя названай, зарэгістраваны "Ваксігрып" (Францыя), "Інфлювак" (Нідэрланды), "Ваксігрып Тэтра" (Францыя).

З 2012 года вакцынацыя супраць грыпу ўключана ў Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак Беларусі і праводзіцца на бясплатнай аснове некаторым групам насельніцтва. У іх ліку дзеці ва ўзросце ад 6 месяцаў да 3 гадоў, дзеці ад 3 гадоў і дарослыя з хранічнымі захворваннямі, асобы з імунасупрэсіяй, старэйшыя за 65 гадоў, цяжарныя, медыцынскія і фармацэўтычныя работнікі, дзеці і дарослыя, якія знаходзяцца ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання, работнікі дзяржорганаў, якія забяспечваюць бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва. За кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў бясплатна вакцынуюцца школьнікі, іншыя дзеці, якія наведваюць арганізаваныя калектывы, студэнты.

Наталля Жукава звярнула ўвагу на тое, што на фоне ў цэлым стабільнай эпідэміялагічнай сітуацыі ў Беларусі часам рэгіструюцца захворванні, якія раней не былі характэрныя для рэспублікі. Гэта адзінкавыя выпадкі ліхаманкі заходняга Ніла, брушнога тыфу. У верасні было некалькі выпадкаў сальманелёзнай інфекцыі, выкліканай ужываннем купленых у гандлёвай сетцы кулінарных вырабаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі