Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
23 лютага 2017, 15:09

Мінчане пачалі больш актыўна карыстацца электроннай формай падачы зваротаў у выканкам

23 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінчане пачалі больш актыўна карыстацца электроннай формай падачы зваротаў у Мінгарвыканкам, паведаміла начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Таццяна Селівонік на пасяджэнні Мінгарвыканкама, дзе разглядалася рэалізацыя патрабаванняў Дырэктывы нумар 2 "Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў Таццяны Селівонік, сярод зваротаў, пададзеных грамадзянамі ў мінулым годзе, электронныя склалі 42 працэнты, што на 3 працэнтныя пункты больш, чым у 2015 годзе, і на 16,3 працэнтнага пункта больш, чым у 2012-м.

Усяго ў Мінгарвыканкам за 2016 год паступіла 9 870 зваротаў грамадзян - на 1 працэнт больш у параўнанні з 2015 годам. Асноўная тэматыка - пытанні ЖКГ, будаўніцтва, сацыяльнай абароны, гандлю, транспарту, жыллёвай палітыкі. Колькасць зваротаў у рэспубліканскія органы кіравання зменшылася на 12 працэнтаў у параўнанні з 2015 годам, захавалася станоўчая тэндэнцыя скарачэння абгрунтаваных і калектыўных зваротаў, скаргаў.

Кіраўнікі Мінскага гарвыканкама, адміністрацый раёнаў горада правялі больш як 2,4 тыс. асабістых прыёмаў, у тым ліку 445 выязных.

Старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац адзначыў, што ў пытаннях дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату яшчэ ёсць рэзервы для павышэння якасці работы з насельніцтвам. Сустракаюцца факты цяганіны, залішняй паператворчасці. "Пытанні выканальніцкай дысцыпліны знаходзяцца на пастаянным кантролі", - дадаў ён. За парушэнні ў рабоце са зваротамі грамадзян у 2016 годзе прыцягнуты да адказнасці 215 службовых асоб.

Памочнік Прэзідэнта - галоўны інспектар па Мінску Аляксандр Якабсон звярнуў увагу на неабходнасць змянення падыходаў да правядзення грамадскіх абмеркаванняў, паколькі існуючая практыка часта выклікае нараканні ў жыхароў. Таксама важна развіваць сістэму рэйтынгавай ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці арганізацый.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі