Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 верасня 2017, 12:01

Мінчанам у Дзень без аўтамабіля паказалі ўсе прывабнасці веларуху

25 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзень без аўтамабіля сабраў 22 верасня на перакрытай вуліцы Леніна ў Мінску ўсе галоўныя рухавікі здаровага ладу жыцця, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Акцыя "Дзень без аўтамабіля" завяршыла мерапрыемствы Еўрапейскага тыдня мабільнасці, які прайшоў у сталіцы з 16 па 22 верасня. Гэта міжнародная кампанія праводзілася пад эгідай Еўракамісіі ў партнёрстве з Міжнародным саюзам грамадскага транспарту. Яна была нацэлена на азеляненне гарадскіх вуліц, больш разумнае выкарыстанне грамадскай прасторы. "Еўрапейскі тыдзень мабільнасці ў Беларусі праводзіцца з 2008 года і дае адчуць, якая ўсё ж такі ў нас прыгожая краіна, якая цудоўная прырода. Давайце разам пастараемся захаваць гэтыя багацці", - заклікаў на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця акцыі намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут.

Веласіпедны рух добра ўпісваецца ў канцэпцыю кампаніі, таму галоўны акцэнт у Дзень без аўтамабіля зроблены на механічным двухколавым транспарце, а таксама электрычным. З самай раніцы ў трох кропках горада - каля стэлы "Мінск - горад-герой", каля ўвахода ў батанічны сад і на праспекце Пушкіна - актывісты ГА "Мінскае веласіпеднае таварыства" частавалі фруктамі веласіпедыстаў, якія ехалі на работу, заахвочваючы іх за адмову ад аўтамабіля ў гэты дзень. Як паведаміла дырэктар таварыства Настасся Янчэўская, яны раздалі каля 500 груш, бананаў, яблыкаў, апельсінаў і шакаладных батончыкаў, а таксама дарылі магніты, скідачныя і інфармацыйныя флаеры.

Тыя аўтамабілісты, у якіх не было альтэрнатыўнай замены машыне, маглі ўвесь дзень бясплатна карыстацца грамадскім транспартам - пры прад'яўленні вадзіцельскага пасведчання і пасведчання аб рэгістрацыі аўто. Магчыма, таму на асноўным свяце, арганізаваным на перакрытым участку вуліцы Леніна (ад пр. Незалежнасці да вул. Кірава) з 16.00, спачатку было значна больш пешаходаў, чым веласіпедыстаў.

"Асабіста я выпадкова даведаўся аб мерапрыемстве, вырашыў заехаць і паглядзець, - прызнаўся выкладчык кадэцкага вучылішча Сяргей Запявалаў. - Я ўсё жыццё на веласіпедзе: сабе на радасць і для здароўя. На работу езджу за 30 км і назад. Сын мой таксама веласіпедыст, гэты LTD ён мне падарыў, а сам новы купіў".

Ігар Семяновіч наогул спецыяльна прыехаў на акцыю ў Мінск са Слуцка. "Дабіраўся 6,5 гадзіны. Той яшчэ марафон. Але, можа, яшчэ і ў вячэрнім велапрабегу паўдзельнічаю. Пераначую, а заўтра назад у Слуцк. Таксама на веласіпедзе. Для мяне гэта хобі, на горным другі сезон ужо езджу, а наогул - з самага дзяцінства, лічыце, крыху больш за 20 гадоў. Што цікава, ні разу ў ДТЗ не трапляў, нават аварыйных сітуацый не было", - расказаў малады чалавек.

Аб тым, што веласіпед - гэта і бяспечна, і экалагічна, і для здароўя карысна, сказаў у прывітальным слове намеснік старшыні Мінгарвыканкама Віктар Лапцеў. Ён прызнаўся, што сам часта перасаджваецца на веласіпед, і не забыў адзначыць, як шмат у Мінску робіцца для паляпшэння ўзроўню жыцця, камфорту, а таксама як развіваецца веласіпедная інфраструктура. Зрэшты, на акцыю Віктар Лапцеў прыбыў не на двухколавым транспарце, як і іншыя афіцыйныя асобы. Хоць некаторыя з іх, у прыватнасці намеснік пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі Зак Тэйлар, прапагандуюць ідэю гарадскога, дзелавога веласіпеднага стылю. Гэта новы праект Мінскага веласіпеднага таварыства з хэштэгам #Minskbikecity. Многія медыяперсоны і селебрыці ўжо сфатаграфаваліся для праекта ў дзелавым стылі на веласіпедзе, каб паказаць, што гэты від транспарту прызначаны не толькі для спорту. Фатаграфіі таксама былі прэзентаваны на адной са шматлікіх выставак на вул. Леніна.

У цэлым на пляцоўках было шмат самых розных забаў і карыснай інфармацыі. Таварыства "Зялёная сетка" арганізавала пляцоўку тэст-драйва, дзе вытворцы давалі ўсім жадаючым пракаціцца на розных варыянтах асабістага электратранспарту: электравеласіпедзе і электраскутары, гіраскутары. Асаблівай увагі заслугоўвалі выстаўленыя ўзоры электрамабіляў. Можна было бясплатна скарыстацца веласэрвісам, атрымаць кансультацыю, паўдзельнічаць у конкурсе.

Малышоў жа чакалі забавы ў дзіцячай зоне. Тут былі аквагрым і твістынг (мадэляванне з паветраных шароў), фігурнае ваджэнне веласіпеда, творчыя і экалагічныя майстар-класы, віктарыны і конкурсы. Сама канцэпцыя акцыі прадугледжвала свята для ўсёй сям'і. І ў гэту карціну асабліва ўпісваліся цэлыя веласем'і, маладыя бацькі, якія прывезлі сваіх дзяцей у спецыяльных дзіцячых сядзеннях, далучаючы да веларуху.

Сямейныя пары, кампаніі сяброў, людзі самых розных узростаў - каго толькі не сабрала ў гэты дзень на невялікім участку вуліцы любоў да веласіпеда. "Гэта стыль жыцця, - упэўнена Святлана Бучко. - Хоць, прызнаюся, асабіста я лянівая і мне прасцей ездзіць, чым хадзіць. Таму з красавіка я саджуся на велік і дабіраюся так на работу ў інстытут фізічнай культуры, па справах". У такім падыходзе сяброўку падтрымлівае і Надзея Калеснік: "У руху шмат пазітыву, хіба не бачыце, якія мы бадзёрыя?!"

Да самага вечара прахожыя маглі не толькі разам з веласіпедыстамі заразіцца імкненнем да здаровага ладу жыцця, але яшчэ і зазірнуць у кантактны зоакуток, нечакана сутыкнуцца з артыстамі пластычнага тэатра "ІнЖэст", атрымаць асалоду ад выступленняў струннага квінтэта "Серэнада", Uzari, калектываў Parade of Planets і "Касіяпея".-0-

Фота Аксаны Манчук, Максіма Гучака і Ягора Паўлюшчыка.

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі