Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 ліпеня 2016, 19:11

Мінадукацыі: цікавасць абітурыентаў да педагагічнай прафесіі вырасла

25 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цікавасць абітурыентаў да педагагічнай прафесіі вырасла, паведаміў журналістам першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Вадзім Богуш, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.

Паводле слоў першага намесніка міністра, гэтаму садзейнічаў шэраг фактараў. У прыватнасці, размова ідзе аб асаблівых умовах прыёму на педспецыяльнасці. Пераможцы міжнародных алімпіяд, выпускнікі школ з залатым або сярэбраным медалём, выпускнікі ССНУ з чырвоным дыпломам пры наяўнасці рэкамендацыі педсавета той установы адукацыі, якую яны скончылі, могуць быць залічаны без уступных іспытаў на педспецыяльнасці, пералік якіх устаноўлены пастановай Мінадукацыі нумар 30 ад 7 красавіка 2014 года.

Аб павышэнні цікавасці паступаючых на педспецыяльнасці сведчаць лічбы. Так, у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка ў гэтым годзе выказалі жаданне паступіць 148 медалістаў і ўладальнікаў дыпломаў ССНУ з адзнакай. Такіх у 2015 годзе было 132 чалавекі, у 2014-м - 100. Больш за ўсё выдатнікаў (24) падалі дакументы на спецыяльнасць "лагапедыя", 12 - "матэматыка і інфарматыка", 10 - "гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны", 8 - "руская мова і літаратура". Самыя высокія конкурсы на дзённую бюджэтную форму навучання склаліся па спецыяльнасцях "спартыўна-турысцкая дзейнасць (менеджмент у турызме)" - 12,6 чалавека на месца; "спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)" - 7,8; "псіхалогія" - 6,9. У цэлым па многіх спецыяльнасцях дзённай і завочнай форм навучання прахадныя балы значна выраслі ў параўнанні з 2015 годам.

Каб прыцягнуць матываваных, здольных і таленавітых маладых людзей для атрымання адукацыі па педспецыяльнасцях, трэба выкарыстоўваць розныя метады, лічаць у міністэрстве. Гэта і актыўная работа са школамі, і правядзенне поўнамаштабнай адраснай прафарыентацыйнай дзейнасці.

У цэлым сёння цікавасць у грамадстве да прафесіі педагога значна вырасла, таму што гэта значная і цікавая работа, канстатаваў Вадзім Богуш.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі