12 ліпеня, Мінск /Святлана Пекар - БЕЛТА/. Міністэрства адукацыі падвяло вынікі цэнтралізаванага тэсціравання-2018: рэзультатыўнасць абітурыентаў вышэйшая за мінулагоднюю. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Ірына Старавойтава.
"У цэлым агульны паказчык рэзультатыўнасці абітурыентаў на цэнтралізаваным тэсціраванні вышэйшы, чым у мінулым годзе. Сярэдні бал практычна па ўсіх прадметах на некалькі працэнтаў вышэйшы за мінулагоднія паказчыкі", - сказала Ірына Старавойтава.
У ЦТ-2018 прынялі ўдзел больш за 82 тыс. абітурыентаў. У гэтым годзе адзначана павелічэнне колькасці 100-бальных рэзультатаў - іх стала 392, 16 абітурыентаў атрымалі вышэйшы бал па двух прадметах. Традыцыйна папулярнымі прадметамі ЦТ сталі беларуская і руская мовы, матэматыка, фізіка, бялогія. "У гэтым годзе 13,9 працэнта абітурыентаў здавалі экзамены па дзвюх дзяржаўных мовах. Крыху больш за 48 працэнтаў паступаючых прынялі ўдзел у цэнтралізаваным тэсціраванні па чатырох прадметах", - праінфармавала першы намеснік міністра.
Ірына Старавойтава расказала таксама, што прыёмныя камісіі беларускіх ВНУ 12 ліпеня пачалі работу ў штатным рэжыме. Асаблівасць прыёмнай кампаніі гэтага года заключаецца ў тым, што абітурыентам дазволена карыстацца рэзультатамі цэнтралізаванага тэсціравання мінулага года. У сувязі з гэтым яна нагадала, што тыя абітурыенты, якія атрымалі прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную адукацыю на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, павінны прадаставіць у прыёмныя камісіі не толькі сертыфікат ЦТ, але і атэстат аб заканчэнні агульнай сярэдняй адукацыі. Гэтыя дакументы захоўваюцца ў прыёмнай камісіі ў асабістай справе абітурыента да 4 жніўня.
Ажыццяўляецца прыём дакументаў ад тых, хто хацеў бы атрымаць другую і наступную вышэйшую адукацыю. Прычым як ад тых, хто ўжо мае вышэйшую адукацыю, так і ад студэнтаў 3-4 курсаў. Студэнты старшых курсаў павінны прадаставіць дакумент, які паказвае іх рэзультатыўнасць вучобы ў вышэйшай навучальнай установе, ацэнкі ў ім павінны быць не ніжэйшыя за 7 балаў, падкрэсліла першы намеснік міністра.
Адказваючы на пытанне аб якасці падрыхтоўкі абітурыентаў гэтага года, Ірына Старавойтава адзначыла, што тут можна арыентавацца на вынікі ЦТ. "Мы неаднаразова гаварылі аб тым, што цэнтралізаванае тэсціраванне - гэта хутчэй ранжыраванне, чым адлюстраванне якасці. Але, тым не менш, паказчык, што сярэдні бал вышэйшы ў параўнанні з мінулым годам на некалькі працэнтаў практычна па ўсіх прадметах, сведчыць аб тым, што абітурыент ідзе больш падрыхтаваны, кампетэнтны, ужо валодае пэўным вопытам у вырашэнні задач як цэнтралiзаванага тэсцiравання, так і паступлення ў ВНУ", - канстатавала яна.-0-