Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
25 кастрычніка 2016, 16:54

Мінадукацыі растлумачыла, як плануецца праводзіць нацыянальны экзамен

25 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства адукацыі Беларусі прапрацоўвае магчымасць правядзення праз некалькі гадоў для выпускнікоў 9-х і 11-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі незалежнай атэстацыі і нацыянальнага экзамену, паведамілі БЕЛТА ў прэс-цэнтры міністэрства.

"Абмяркоўваецца магчымасць правядзення ў 2019-2020 годзе незалежнай атэстацыі за 9-ы клас, а ў 2021-2022 навучальным годзе - нацыянальнага экзамену за 11-ы клас", - растлумачылі ў прэс-цэнтры.

У Мінадукацыі адзначылі, што пытанні ўдасканалення форм здачы экзаменаў абмяркоўваюцца пастаянна. Ёсць розныя пункты гледжання на тое, як павінны здаваць экзамены выпускнікі сярэдняй агульнаадукацыйнай школы.

"Адна з прапаноў датычыцца змянення формы - замест здачы іспыту пісьмова або вусна сваім настаўнікам у сваёй школе выпускнікам будзе прапанавана здаць выпускны экзамен незалежным экспертам. Прымаць яго будуць педагогі іншых устаноў адукацыі, - расказалі ў міністэрстве. - Гэта дасць магчымасць спецыялістам ацаніць рэальныя веды школьнікаў і гімназістаў. Такая форма будзе прапанавана як 9-м, так і 11-м класам".

Што датычыцца незалежнай атэстацыі за 9-ы клас, то прапрацоўваецца пытанне зместу і формы такога іспыту. У 2014-2015 навучальным годзе Нацыянальны інстытут адукацыі правёў эксперымент "Апрабацыя мадэлі незалежнай падагульняючай атэстацыі навучэнцаў пасля завяршэння навучання і выхавання на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі". Эксперымент паказаў, што такая мадэль дасць магчымасць павысіць аб'ектыўнасць ацэнкі вучэбных дасягненняў навучэнцаў, калі экзамен дзеці здадуць незалежнай камісіі. "На сённяшні момант размова ідзе аб здачы ўсё тых жа трох прадметаў - руская мова, беларуская мова, матэматыка. А вось як пройдзе іспыт - гэта рашэнне будзе прынята ў бліжэйшым будучым", - падкрэслілі ў Мінадукацыі.

Форму нацыянальнага экзамену прапануецца зрабіць змешанай. Гэта значыць, што базай застанецца цэнтралізаванае тэсціраванне, а да яго дабавіцца вусная або пісьмовая частка іспыту.

У міністэрстве звярнулі асаблівую ўвагу на тое, што ЦТ змяненняў не зведае. "Спецыялісты прапануюць падзяліць іспыт на дзве часткі. Першую здаюць тыя, хто праходзіць іспыт толькі як выпускны экзамен за курс сярэдняй школы, а першую і другую разам - для тых, хто вырашыць прадоўжыць навучанне ў ВНУ, - растлумачылі ў прэс-цэнтры. - Як будзе праходзіць экзамен першай часткі - яшчэ абмяркоўваецца. Адназначна толькі адно - гэта будзе форма незалежнага экзамену".

Разглядаецца прапанова ўвесці ў другой частцы іспыту акрамя пісьмовых адказаў вусныя, у тым ліку розныя формы, разлічаныя на выяўленне здольнасцей абітурыента ў залежнасці ад выбранай спецыяльнасці. "Гэту частку, магчыма, будуць распрацоўваць самі ўніверсітэты ў залежнасці ад спецыяльнасці, на якую прэтэндуе абітурыент", - адзначылі ў міністэрстве. У другой частцы нацыянальнага экзамену заданні будуць рознымі для розных спецыяльнасцей. "Так, калі ўзяць такі прадмет, як матэматыка, то вельмі складана падабраць аднолькавыя заданні для абітурыентаў, якія паступаюць на прыкладную матэматыку або на юрыдычныя спецыяльнасці", - дадалі ў Мінадукацыі.

Спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі, Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў вывучаюць магчымасці правядзення такога іспыту, знаёмяцца з варыянтамі, якія прапануюць краіны-суседзі, вывучаюць вопыт далёкага замежжа. Будзе праведзена шырокае абмеркаванне гэтых прапаноў, вывучэнне думкі грамадскасці - настаўнікаў, педагогаў, дэпутатаў, бацькоў, дзяцей.

"Пытанне прапрацоўваецца на будучае і ніякіх рэформ, тым больш "рэвалюцый", самім выпускнікам як базавай (9-ы клас), так і сярэдняй (11-ы клас) ступені перажыць не давядзецца. Размова, хутчэй, ідзе аб праверцы той падрыхтоўкі, якую вядуць школы і гімназіі. Галоўная мэта - адабраць для навучання ва ўніверсітэце здольнага абітурыента, будучага кваліфікаванага спецыяліста і прафесіянала, здольнага вучыцца і атрымліваць веды", - рэзюмавалі ў Мінадукацыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі