Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
14 верасня 2017, 15:53

Масавая вакцынацыя супраць грыпу ў Беларусі пачнецца 1 кастрычніка

14 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Масавая вакцынацыя супраць грыпу ў Беларусі пачнецца 1 кастрычніка, паведаміла журналістам намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Масавы старт вакцынацыі ў нас пачнецца з 1 кастрычніка. Цяпер вакцынуюць тых людзей, якія часта і доўга хварэюць, каб злавіць той момант, калі чалавек знаходзіцца яшчэ ў здаровым стане", - сказала Іна Карабан. Яна дадала, што з кастрычніка, як правіла, пачынаецца рост захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, а вакцынавацца чалавек павінен, калі здаровы.

Кампанія вакцынацыі павінна завяршыцца да 1 снежня. У гэтым годзе для бясплатнай імунізацыі можна будзе выкарыстоўваць вакцыну "Грыпол плюс" (Расія). За сродкі бюджэтаў прадпрыемстваў, арганізацый і асабістых сродкаў грамадзян будуць даступны "Грыпол плюс" і "Ультравак" (Расія), "Інфлювак" (Нідэрланды), "Ваксігрып" (Францыя). У арганізацыі аховы здароўя пачалі паступаць процігрыпозныя вакцыны.

З 2012 года вакцынацыя супраць грыпу ўключана ў Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак Беларусі і праводзіцца на бясплатнай аснове некаторым групам насельніцтва. У іх ліку дзеці ва ўзросце ад 6 месяцаў да 3 гадоў, дзеці ад 3 гадоў і дарослыя з хранічнымі захворваннямі, асобы з імунасупрэсіяй, старэйшыя за 65 гадоў, цяжарныя, медыцынскія і фармацэўтычныя работнікі, дзеці і дарослыя, якія знаходзяцца ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання, работнікі дзяржорганаў, што забяспечваюць бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва.

За кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў бясплатна вакцынуюцца школьнікі, іншыя дзеці, якія наведваюць арганізаваныя калектывы, студэнты.

Прафілактычныя прышчэпкі супраць грыпу ў 2017 годзе плануецца зрабіць не менш як 40 працэнтам насельніцтва Беларусі, інакш кажучы больш як 3,8 млн чалавек. Што датычыцца груп рызыкі, вакцынаваць плануецца да 75 працэнтаў ад іх колькасці.

У Беларусі дзякуючы рэкамендаванаму ўзроўню вакцынацыі (каля 40 працэнтаў усяго насельніцтва і 75 працэнтаў сярод груп рызыкі) на працягу апошніх гадоў не рэгіструюцца грыпозныя эпідэміі і лятальныя выпадкі ў выніку захворвання. Аналіз захваральнасці сведчыць, што ў асноўным з году ў год сярод вакцынаваных на грып хварэе максімум 2-3 працэнты чалавек, астатнія хворыя прышчэплены не былі. У іх развіваюцца даволі цяжкія формы захворвання, якія праходзяць з пнеўманіямі, бранхітамі.

Паводле слоў Іны Карабан, пасля вакцынацыі захварэць на грып можна, паколькі развіццё імунітэту залежыць ад многіх фактараў, у тым ліку ўзросту, стану імуннай сістэмы арганізма. Аднак захворванне ў прышчэпленых праходзіць у значна больш лёгкай форме. "Вакцынацыя супраць грыпу накіравана не на прадухіленне самога захворвання, а на прадухіленне развіцця цяжкіх ускладненняў", - растлумачыла прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя.

Паводле прагнозаў СААЗ, у бягучым эпідэмічным сезоне на тэрыторыі Паўночнага паўшар'я будуць цыркуляваць тры штамы віруса грыпу: два аналагічныя мінулагоднім і адзін новы, які раней не цыркуляваў шырока, імунітэт да якога ў насельніцтва не сфарміраваны, - A/Michigan/45/2015 (H1N1) pdm09-like virus.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі