Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
24 верасня 2021, 16:21

Маркевіч: у Брэсцкай крэпасці закладзены сімвалы нашага адзінства

24 верасня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсцкай крэпасці закладзены сімвалы нашага адзінства. Такое меркаванне выказаў міністр культуры Анатоль Маркевіч падчас урачыстага мерапрыемства з нагоды 50-годдзя мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" і 65-годдзя Музея абароны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Тут закладзены сімвалы - сімвалы нашага яднання, адзінства, паважлівага стаўлення да мінулага, гераізму. Праходзячы па тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, задумваешся пра няўстойлівасць сучаснага свету, пра тое, што трэба шанаваць тое галоўнае, што мы сёння маем, - права жыць у суверэннай, мірнай краіне. Гэта вельмі важна", - падкрэсліў Анатоль Маркевіч.

Ён падзякаваў работнікам комплексу за высокі прафесіяналізм, адданасць прафесіі. За паўстагоддзя Брэсцкую крэпасць наведалі больш за 25 млн чалавек са 140 краін свету. "Дзякуючы розным пакаленням супрацоўнікаў, экскурсаводаў, кіраўнікоў людзі ведаюць праўду аб Вялікай Айчыннай вайне, пранікаюцца трагізмам і патрыятызмам, разумеюць вялікую ролю таго, што было зроблена нашымі дзядамі і прадзедамі", - сказаў міністр.

Анатоль Маркевіч уручыў супрацоўнікам ганаровыя граматы і падзякі ад Адміністрацыі Прэзідэнта, прэм'ер-міністра, Міністэрства культуры.

У Брэсце сёння праходзяць мерапрыемствы з нагоды 50-годдзя мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" і 65-годдзя Музея абароны. Ужо адбыліся лінейка памяці і ўрачысты прыём у акцябраты і піянеры. У канферэнц-зале музея пачынаецца круглы стол "Мемарыял. 50 гадоў служэння гісторыі" з прэзентацыяй юбілейнага альбома. У 16.00 у тэатры драмы адбудзецца ўрачысты вечар, прысвечаны юбілею, з удзелам прадстаўнікоў рэспубліканскіх органаў кіравання, Саюзнай дзяржавы, кіраўніцтва вобласці і горада, грамадскасці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі