Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
28 жніўня 2017, 18:13

Маніторынг ФПБ: цэны на лякарствы ў дзяржаўных і прыватных аптэках істотна не адрозніваюцца

28 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Значных ваганняў цэн на прэпараты ў дзяржаўных і прыватных аптэках няма. Вынікі чарговага этапу прафсаюзнага маніторынгу агучыла журналістам намеснік старшыні Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Людміла Літвіненка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Калі ў маі ў полі зроку спецыялістаў знаходзіліся 35 аптэк па ўсёй краіне, то сёння іх больш за 80. Павялічыўся і спіс лякарстваў - цяпер пад народным кантролем 50 найменняў найбольш запатрабаваных прэпаратаў (ад 7 айчынных вытворцаў і 19 замежных). Гэта прэпараты для лячэння захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, органаў дыхання, страўнікава-кішачнага тракту, антыбіётыкі і інш.

"За гэты перыяд па выніках маніторынгу пашыранага пераліку медыкаментаў значных ваганняў цэн не выяўлена. Адзначана аднастайнасць цэн як у камерцыйных, так і дзяржаўных аптэках", - сказала Людміла Літвіненка. У той жа час рэзультаты паказалі, што ў асобных рэгіёнах краіны кошт лякарстваў нязначна адрозніваецца. Паводле даных за ліпень, найбольш высокія цэны па большасці прэпаратаў з зацверджанага пераліку адзначаюцца ў Мінску і Гродзенскай вобласці. Аднак, паводле слоў намесніка старшыні, гаварыць аб тэндэнцыі пакуль дачасна, паколькі "мы маем рэзультаты маніторынгу толькі за адзін месяц і толькі абмежаванага пераліку зацверджаных медыкаментаў".

У маі-чэрвені спецыялісты Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя адсочвалі дынаміку цэн па 26 найменнях прэпаратаў, якія ўваходзяць у аптэчку першай меддапамогі. Істотных ваганняў цэн выяўлена не было.

"Да нас паступаюць звароты, у якіх грамадзяне задаюць пытанні, якія найбольш іх хвалююць. Па-першае, гэта розніца ў цане на імпартныя прэпараты ў нас і ў суседніх дзяржавах - Расіі, Польшчы, краінах Балтыі, Украіне", - адзначыла Людміла Літвіненка. Кошт імпартных лякарстваў фарміруецца з улікам кантрактнай цаны, на якую ўплывае ў тым ліку палітыка вытворцы пры пастаўцы лякарстваў у той ці іншы рэгіён, аб'ём рынку, аб'ём і кратнасць пастаўкі, наяўнасць або адсутнасць страхавой медыцыны, растлумачыла спецыяліст. На сёння Міністэрства аховы здароўя і РУП "Фармацыя" ў выніку перагавораў з замежнымі пастаўшчыкамі ўжо дабіліся зніжэння кантрактных цэн на асобныя віды пастаўляемай прадукцыі, перагаворны працэс яшчэ не завершаны.

Паступаюць пытанні, чаму ў некаторых аптэках краіны цэны ніжэйшыя, чым у сярэднім па рэспубліцы. "Мы на гэта таксама звярталі ўвагу. Хачу паўтарыць, што айчынныя прэпараты якасныя, адпавядаюць усім стандартам GMP і экспартуюцца ў 29 краін. Мы тлумачым грамадзянам, што ў асобных выпадках, калі тэрмін годнасці на медыкаменты заканчваецца, дапусцім, праз некалькі месяцаў або ў аптэчную сетку паступіла вялікая партыя медыкаментаў, аптэкі вымушаны зніжаць цэны. Гэта агульнасусветная практыка", - рэзюмавала Людміла Літвіненка.

Як паведамлялася, ініцыятыва аб правядзенні народнага кантролю за цэнамі была агучана ў маі на рабочай сустрэчы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй ФПБ Міхаілам Ордам. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў гэту ініцыятыву. У федэрацыі была створана рабочая група па маніторынгу цэн. У яе склад увайшлі прадстаўнікі сацыяльна-эканамічных аддзелаў усіх абласных і Мінскага гарадскога аб'яднанняў прафсаюзаў, былі прыцягнуты і галіновыя прафсаюзы. Акрамя таго, заключана пагадненне наконт супрацоўніцтва з Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю аб узаемадзеянні пры правядзенні мерапрыемстваў па маніторынгу цэн.

У Беларусі даволі строга кантралюецца цэнавая палітыка на лякарствы. Так, прэпараты з адпускной цаной меншай за $1 складаюць 36,8 працэнта, з цаной ад $1 да $2 - 25,4 працэнта, ад $2 да $5 - 22,8 працэнта. Калі падлічыць, то 85 працэнтаў лякарстваў на айчынным рынку каштуюць менш за $5.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі