Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 студзеня 2018, 16:17

Малашка: пашырэнне асартыменту айчынных лякарстваў дае магчымасць зніжаць цану на імпартныя аналагі

26 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Пашырэнне асартыменту айчынных лякарстваў дае магчымасць зніжаць цану і на імпартныя аналагі. Аб такім дадатковым сацыяльным эфекце ад развіцця галіны расказаў журналістам міністр аховы здароўя Валерый Малашка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Не толькі насычэнне рынку айчыннымі лекавымі прэпаратамі - мэта ў арганізацыі фармпрамысловасці ў краіне. Гэта вельмі важна, і мы дабіліся ў Беларусі лекавай бяспекі. Але, выпускаючы на рынак рэспублікі аналагі замежных лекавых прэпаратаў, мы актыўна ўплываем і на цану гэтых замежных аналагаў", - сказаў Валерый Малашка.

Паводле яго слоў, у мінулым годзе была прааналізавана сітуацыя па ўсіх пастаўшчыках замежных лекавых прэпаратаў, цане іх прадуктаў, і было вылучана каля 200 прадуктаў, дзе цана пры пастаўках на беларускі рынак была вышэйшай, чым, напрыклад, ва Украіне або Расіі. У выніку пасля праведзенай з пастаўшчыкамі работы па большасці пазіцый удалося дамовіцца аб значным зніжэнні цэн. "Але ў першую чаргу не толькі размовамі і ўгаворамі мы працавалі, але арганізоўвалі вытворчасць аналагічных лекавых прэпаратаў на ўласных прадпрыемствах. І калі мы атрымлівалі айчынны аналаг, адразу ж адбывалася зніжэнне цаны замежнага лекавага прэпарату. Гэта таксама ўскосны сацыяльны эфект", - расказаў міністр.

Ён падкрэсліў, што прэпараты, якія вырабляюцца на айчынных прадпрыемствах, маюць высокую эфектыўнасць і праходзяць строгі шматступеньчаты кантроль якасці на ўсіх этапах па дарозе да спажыўца. "Гэта дае магчымасць дабіцца таго, што ў Беларусі не зарэгістравана за апошнія гады кантрафактных лекавых прэпаратаў. Сёння мы не маем прэтэнзій з боку замежных спажыўцоў нашых лякарстваў. У 33 краіны ідзе пастаўка і адпрацоўваюцца новыя рынкі збыту. Мы цікавы нашым замежным калегам у першую чаргу тым, што прапануем якасны прадукт, даволі шырокую лінейку прадуктаў як традыцыйных, так і новых", - заявіў Валерый Малашка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі