Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
06 кастрычніка 2017, 13:39

Макей: развіццё знешнепалітычных даследаванняў звязана з умацаваннем суверэнітэту Беларусі

6 кастрычніка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Развіццё фундаментальных і прыкладных знешнепалітычных даследаванняў звязана непасрэдна са станаўленнем знешняй палітыкі беларускай дзяржавы і ўмацаваннем суверэнітэту Беларусі. Аб гэтым гаворыцца ў пасланні міністра замежных спраў Уладзіміра Макея з нагоды 25-годдзя кафедры міжнародных адносін факультэта міжнародных адносін БДУ, тэкст якога сёння на ўрачыстым мерапрыемстве ў ВНУ агучыў намеснік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Яўген Шэстакоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Праводзімы нашай краінай курс на ажыццяўленне шматвектарнай знешняй палітыкі, істотнае пашырэнне міжнароднага парадку дня нашай дзяржавы, ператварэнне яе ў прызнаную перагаворную пляцоўку ставіць перад калектывам кафедры выключна важныя задачы па далейшым планаванні і прагназаванні знешнепалітычнай дзейнасці. Вы павінны ў поўнай меры падключацца да даследавання разнастайных і шматузроўневых інтэграцыйных працэсаў, унесці свой уклад у навуковае суправаджэнне паняццяў "інтэграцыя інтэграцый", якая адбываецца на еўразійскай прасторы", - гаворыцца ў пасланні.

Уладзімір Макей падкрэсліў, што кафедра па праву займае асаблівае месца ў фарміраванні нацыянальнай школы беларускай дыпламатыі, з'яўляецца важным навуковым цэнтрам па вывучэнні міжнародных адносін і знешняй палітыкі Беларусі. Менавіта гэта кафедра заклала асновы для падрыхтоўкі спецыялістаў-міжнароднікаў, здольных эфектыўна вырашаць задачы па абароне нацыянальных інтарэсаў.

"Беларусь усё гучней заяўляе пра сябе на сусветнай арэне, вылучаючы глабальныя ініцыятывы, што аб'ядноўваюць краіны. Гэта, у сваю чаргу, патрабуе глыбокага аналізу ўнутраных механізмаў, што ўплываюць на гэтыя працэсы, праблем, якія чакаюць свайго вырашэння, выяўлення і апісання інтарэсаў іх удзельнікаў, а таксама геапалітычных працэсаў у цэлым", - адзначыў міністр.

Яўген Шэстакоў канстатаваў, што дзяржаўная сістэма адукацыі рыхтуе для беларускага МЗС выдатныя кадры, якія паступова становяцца касцяком ведамства.

На мерапрыемстве таксама быў зачытаны віншавальны адрас ад міністра адукацыі Ігара Карпенкі. Падкрэслена, што вынікі дзейнасці кафедры атрымалі шырокую вядомасць у Беларусі і за мяжой. Дзякуючы сфарміраванаму кадраваму патэнцыялу паспяхова выконваюцца задачы па навучанні і выхаванні студэнтаў, правядзенні навуковых даследаванняў, укараненні навацый у адукацыйны працэс, развіцці міжнародных сувязей. У ліку выпускнікоў кафедры дыпламаты, вучоныя, грамадскія і дзяржаўныя дзеячы, дэпутаты, кіраўнікі дзяржорганаў і арганізацый.

Дэкан факультэта міжнародных адносін Віктар Шадурскі падкрэсліў асаблівую значнасць 25-гадовага юбілею кафедры. "Гэта свята нашага факультэта, і мы лічым, то гэта свята нашай краіны. Таму што стварэнне кафедры было адным з сімвалаў незалежнасці Беларусі. Вы ведаеце, што заўсёды знешняя палітыка, міжнародная дзейнасць з'яўляецца атрыбутам незалежнай дзяржавы", - сказаў ён.

Да 25-годдзя кафедры таксама прымеркавана рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя "Даследаванне міжнародных адносін у Рэспубліцы Беларусь: стан і перспектывы".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі